Пошук

Святы Айцец падчас малітвы "Анёл Панскі" Святы Айцец падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі”: св. Стэфан – прыклад даверу і прабачэння

Св. Стэфан – гэта прыклад даверу да Бога, асабліва ў цяжкія моманты жыцця, і прабачэння ворагаў, звярнуў увагу Францішак 26 снежня 2018 г., падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст разважання Пантыфіка:

“Радасць Божага Нараджэння працягвае напаўняць наша сэрца: далей гучыць радасная навіна, што Хрыстос нарадзіўся для нас і прынёс мір у свет. У гэтай атмасферы радасці мы сёння адзначаем свята св. Стэфана, дыякана і першага мучаніка. Гэта можа здацца дзіўным, што св. Стэфана ўзгадваюць у Нараджэнне Езуса, паколькі з’яўляецца кантраст паміж радасцю Бэтлеема і драмай Стэфана, каменаванага ў Ерузалеме падчас першага пераследу толькі што заснаванага Касцёла. Але на самой справе гэта не так, таму што Немаўля Езус ёсць Сын Божы, Якi стаў чалавекам, Які збавіць чалавецтва, паміраючы на крыжы. Цяпер мы праслаўляем Яго, загорнутага ў пялюшкі ў яслях; пасля укрыжавання будзе паўторна загорнуты ў палатно і пакладзены ў грабніцу.

“[Св. Стэфан быў першым, хто рушыў услед за Боскім Настаўнікам праз мучаніцтва: памёр як Езус, даверыўшы сваё жыццё Богу і даруючы сваім пераследнікам.]”

Калі ў яго кідалі камянямі, ён сказаў: “Пане Езу, прымі дух мой” (Дз 7, 59). Гэтыя словы вельмі падобныя на словы, сказаныя Хрыстом на крыжы: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23, 46). Стаўленне Стэфана, які дакладна наследуе жэст Езуса, з’яўляецца запрашэннем да кожнага з нас, каб мы з верай прынялі з Яго рук тое, што прыносіць нам жыццё: як станоўчае, так і адмоўнае. Наша жыццё, як мы ведаем, пазначаецца абставінамі не толькі шчаслівымі, але і момантамі цяжкасцяў і разгубленасці. Але вера ў Бога дапамагае нам прымаць цяжкія сітуацыі і перажываць іх як шанс на развіццё веры і будаванне новых адносін з нашымі братамі. 

“[Трэба даверыць сябе ў рукі Пана, Які, як мы ведаем, з’яўляецца Айцом багатым дабрынёй да сваіх дзяцей.]”

Другім стаўленнем, праз якое Стэфан наследаваў Езуса ў самай складанай сітуацыі крыжа, з’яўляецца прабачэнне. Два падыходы: давяраў сваё жыццё і дараваў. Ён не праклінаў сваіх пераследнікаў, але маліўся за іх: “І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!” (Дз 7, 60). Мы пакліканы вучыцца ў яго прабачаць заўсёды: прабачэнне пашырае сэрца, нараджае ўменне дзяліцца з іншымі, дае радасць і мір. Першы мучанік Стэфан дэманструе нам, як мы павінны будаваць міжасобасныя адносіны ў сям’і, у школе і на працоўным месцы, у парафіі і ў розных супольнасцях. Логіка прабачэння і міласэрнасці заўсёды перамагае і адкрывае перспектывы надзеі. Але прабачэнне ўдасканальваецца праз малітву, што дазваляе нам прабываць у сузіранні Езуса. Стэфан быў у стане дараваць тым, хто забіў яго, таму што поўны Святога Духа глядзеў на неба і меў адкрытыя на Бога вочы (Дз 7, 55). З малітвы прыйшла сіла, каб стаць мучанікам. Мы павінны цвёрда маліцца да Святога Духа, каб даў нам дар мужнасці, які вылечвае нашы страхі, нашы слабасці, нашу нікчэмнасць, і каб пашырыў нашы сэрцы да прабачэння. Мы заўсёды павінны дараваць.

Мы заклікаем заступніцтва Маці Божай і св. Стэфана: няхай іх малітва заўсёды дапамагае нам давяраць Богу, асабліва ў цяжкія хвіліны, і падтрымлівае ў нашай рашучасці быць людзьмі здольнымі да прабачэння”, - сказаў Папа.

Пасля “Анёл Панскі” Францішак пажадаў сабраным на плошчы св. Пятра добрых святаў Божага Нараджэння і папрасіў аб малітве.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
26 снежня 2018, 14:51