Францішак прыбыў у Панаму
Пасля амаль трынаццаці гадзін палёту, падчас якога было пераадолена каля 9500 км, Францішак ступіў на панамскую зямлю. У аэрапорце яго чакалі каля дзвюх тысяч удзельнікаў Сусветных дзён моладзі – самага буйнога каталіцкага моладзевага форума, які праходзіць у Панаме 22-28 студзеня 2019 г. Папу сустракаў Прэзідэнт краіны Хуан Карлас Варэла Радрыгес з жонкай Ларэнай Кастыльё Гарсіяй, а таксама члены мясцовага епіскапату.
Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання, падчас якой былі выкананы панамскі і ватыканскі дзяржаўныя гімны, а таксама гімн ХХХIV Сусветных дзён моладзі, Святы Айцец падышоў да агароджы, каб асабіста прывітаць вернікаў.
Затым Францішак накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру. Уздоўж усёй дарогі, працягласцю ў 28 км, яго віталі тысячы мясцовых жыхароў і пілігрымаў, якія прыбылі з 156 краін свету, у тым ліку з Беларусі.
У першай палове дня 24 студзеня Папа будзе прыватна цэлебраваць св. Імшу ў капліцы Апостальскай нунцыятуры, наведае Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы, прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, дыпламатычнага корпуса і грамадзянскай супольнасці. У другой палове дня запланаваны візіт Пантыфіка ў сталічны касцёл св. Францішка Асізскага, дзе ён сустрэнецца з членамі Біскупскага Сакратарыята Цэнтральнай Амерыкі, а таксама ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Сусветных дзён моладзі.