Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Пантыфік сустрэўся з моладдзю “Scholas Occurentes”

Пантыфік прыняў удзельнікаў адукацыйных праектаў Папскага фонда “Scholas Occurentes” – ініцыятывы, пакліканай спрыяць супрацоўніцтву паміж навучальнымі ўстановамі ў розных краінах свету.

Сустрэча прайшла 25 студзеня 2019 г. у будынку Апостальскай нунцыятуры ў Панаме. Яна працягвалася каля 30 хвілін. Юнакі і дзяўчаты, якіх прыняў Папа, прыбылі з Венесуэлы, Гаіці, Панамы і Гандураса. Яны прапанавалі арганізаваць студэнцкі марш, мэтай якога стаў бы заклік да вырашэння крызісу ў рэгіёне Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, 17-гадовы Браян Радрыгес з Панамы, папрасіў Папу працягваць дыялог з кіраўнікамі дзяржаў, заклікаючы іх прыслухоўвацца да моладзі і паважаць яе тоеснасць. “Мы прагнем адукацыі, якая дазволіць нам быць не проста персаналам, але дазволіць стаць прадпрымальнікамі, здольнымі ператвараць рэчаіснасць”, - дадаў юнак.

У сваю чаргу Арлін Гарсія з Гандураса і Ана Карына Вільяльба з Венесуэлы папрасілі Святога Айца павялічыць колькасць праграм “Scholas Occurentes” у сваіх краінах. Марта Авіла з Гандураса праспявала кранальны спеў, які напісала супраць жорсткага стаўлення да слабых. Ён вельмі ўзрушыў Святога Айца. Папа папрасіў тэкст гэтага спеву і паабяцаў распаўсюдзіць яго.

Звяртаючыся да моладзі, Францішак падзякаваў за абмеркаванне канкрэтных пытанняў, падкрэсліў важнасць дыялогу паміж маладымі і пажылымі людзьмі, асабліва з бабулямі і дзядулямі, а таксама нагадаў пра каштоўнасць каранёў.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 студзеня 2019, 11:47