Пошук

Удзельніца Сусветных дзён моладзі ў Панаме Удзельніца Сусветных дзён моладзі ў Панаме 

Пантыфік папрасіў малітоўна падтрымаць яго пілігрымку ў Панаму

Францішак заклікаў малітоўна падтрымаць яго пілігрымку ў Панаму. З адмысловым заклікам ён звярнуўся 23 студзеня 2019 г. праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Твітэр”.

“Вылятаю на Сусветныя дні моладзі. Прашу вас аб малітве за гэту вельмі цудоўную і важную падзею на шляху Касцёла”, - напісаў Папа.

Тым часам у Панаме распачаліся першыя падзеі самага буйнога моладзевага каталіцкага форума. Вечарам 22 студзеня ў парку Санта-Марыя-дэ-ла-Антыгуа прайшла ўрачыстая св. Імша на распачацце Сусветных дзён моладзі. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Ульёа. На літургіі прысутнічаў Прэзідэнт Панамы Хуан Карлас Варэла Радрыгес з жонкай Ларэнай Кастыльё Гарсіяй.

У гаміліі арцыбіскуп Ульёа зазначыў, што Панама з вялікай радасцю, з распасцёртымі абдымкамі і сэрцам прымае ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі ў гэтую маленькую краіну, каб сустрэцца з Езусам Хрыстом – Дарогай, Праўдай і Жыццём.

Іерарх падкрэсліў, што менавіта адсюль Евангелле распаўсюдзілася па ўсяму амерыканскаму кантыненту, заўсёды пад матчынай апекай Марыі, “Зоркі евангелізацыі”, якая ў рамках Сусветных дзён моладзі прапануецца ў якасці прыкладу адвагі ў выкананні Божай задумы, і словы якой: “Вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова”, з’яўляюцца дэвізам форума.

Арцыбіскуп зазначыў, што Панама стала “моладзевай сталіцай свету”. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат уключыцца ў ажыццяўленне “рэвалюцыі любові”, якая з’яўляецца нялёгкай, але магчымай, калі даверыцца Богу.

Спасылаючыся на Апостальскую адгартацыю Францішка “Gaudete et exsultate”, ён нагадаў пра пакліканне кожнага чалавека да святасці. “Мы ўсе можам быць святымі, нават тады, калі думаем, што наша жыццё не мае вялікай каштоўнасці для іншых па прычыне нашых грахоў”, - сказаў ён, заклікаючы моладзь не баяцца быць святымі ў сучасным свеце.

Рэпартаж з Сусветных дзён моладзі
Навіна ў фармаце аўдыё
23 студзеня 2019, 13:37