Пошук

Папа падчас візіту ў Прэзідэнцкі палац у Панаме Папа падчас візіту ў Прэзідэнцкі палац у Панаме 

Францішак да палітыкаў: моладзь хоча будаваць новы свет

Іншы свет – магчымы, а моладзь заклікае да яго будавання, заўважыў Пантыфік падчас сустрэчы з прадстаўнікамі панамскіх уладаў, дыпламатычнага корпуса і грамадзянскай супольнасці.

Сустрэча адбылася 24 студзеня 2019 г. у Прэзідэнцкім палацы ў Панаме. На пачатку прамовы Папа нагадаў словы Сімона Балівара, які сцвярджаў, што, калі свет захоча выбраць сабе сталіцу, яна павінна знаходзіцца ў раёне Панамскага перашыйку. Паводле Францішка, у кантэксце стварэння Вялікай Айчыны, да чаго заклікаў паўднёваамерыканскі палітык, якая павінна прымаць і паважаць шматкультурнае багацце кожнага народа і культуры, на Панаму можна глядзець, як на “зямлю паклікання і мары”.

Пантыфік звярнуў увагу на стратэгічную ролю краіны не толькі для рэгіёну, але для ўсяго свету.

“[Мост паміж акіянамі і натуральная тэрыторыя сустрэч, Панама, самая вузкая дзяржава амерыканскага кантынента, з’яўляецца сімвалам устойлівасці, якая нараджаецца дзякуючы здольнасці ствараць повязі і саюзы. Гэта здольнасць пазначае сэрца панамскага народа]”

, - сказаў ён.

Францішак заклікаў палітыкаў рабіць Панаму месцам сустрэчы паміж людзьмі. “Не магчыма ўявіць будучыню грамадства без актыўнага ўдзелу – і не толькі намінальнага, – усіх яго членаў”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што годнасць кожнага чалавека павінна “прызнавацца і гарантавацца праз доступ да якаснай адукацыі і забеспячэння годнай працы”.

Святы Айцец адзначыў важнасць павагі да мясцовых карэнных народаў, а таксама ўвагі да моладзі, што вымагае ад палітыкаў “сумленнасці і транспарэнтнасці, канкрэтнай адказнасці за іншых і за свет”, служэння на карысць справядлівасці і барацьбы з карупцыяй.

Спасылаючыся на Сусветныя дні моладзі, Папа заўважыў, што падчас іх Панама ператвараецца ў месца надзеі і мар, бо тут сабралася моладзь з усіх кантынентаў, якая будзе сустракацца, маліцца і распальваць у сабе жаданне будаваць больш гуманны свет.

“[У гэты час мы станем сведкамі адкрыцця новых каналаў камунікацыі і разумення, салідарнасці, крэатыўнасці і ўзаемнай дапамогі; каналаў, якія маюць чалавечае вымярэнне, якія дадуць імпульс дзейнасці, зламаюць ананімнасць і ізаляцыю, што неабходна для новага спосабу будавання гісторыі]”

, - сказаў ён.

“Іншы свет – магчымы. Мы ведаем пра гэта, а моладзь запрашае нас уключыцца ў яго будаванне, каб мары не засталіся нечым эфемерным і абстрактным, каб быў дадзены імпульс сацыяльнаму пакту, дзякуючы якому ўсе змогуць мець магчымасць марыць аб заўтрашнім дні: таксама і права на будучыню з’яўляецца правам чалавека”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Пасля сустрэчы з панамскім істэблішментам Францішак накіраваўся ў сталічны касцёл св. Францішка Асізскага на сустрэчу з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2019, 16:50