Пошук

Папа падчас вігілійнага чування на СДМ-2019 Папа падчас вігілійнага чування на СДМ-2019 

Пантыфік да моладзі: Марыя – гэта “агент уплыву” Бога

Каля 600 тыс. юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у вігілійным чуванні, якое вечарам 26 студзеня 2019 г. прайшло ў Панаме ў рамках Сусветных дзён моладзі.

Святы Айцец звярнуўся да моладзі, што сабралася на полі імя св. Яна Паўла ІІ, на ўскраіне панамскай сталіцы, з падбадзёрваючым пасланнем, шырока карыстаючыся лексікай, уласцівай сацыяльным СМІ.

Сустрэча з Богам – гэта “гісторыя любові”, якая не мае нічога супольнага з “cloud”, “app” і “tutorial”. Жыццё, “якое нам дорыць Езус – гэта гісторыя любові, гісторыя жыцця, якое жадае змяшацца з нашым і пусціць карані на глебе кожнага чалавека. Гэта жыццё не захавана ў “воблаку”, у чаканні, што будзе спампавана, не з’яўляецца новым “аплетам”, з якім трэба пазнаёміцца, альбо разумовым практыкаваннем, плёнам тэхнік асабістага росту”, сказаў Папа. Яно таксама не з’яўляецца “tutorial”, з дапамогай якога можна навучыцца чамусьці новаму.

“[Збаўленне, якое нам дорыць Пан – гэта заклік да ўдзелу ў гісторыі любові, якая сустракаецца з нашымі гісторыямі; якая жыве і хоча нарадзіцца між намі, каб мы маглі прыносіць плён там, дзе знаходзімся, у сітуацыі, у якой знаходзімся, сярод тых, з кім знаходзімся]”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак перакананы, што Марыя – гэта жанчына, якая мела самае вялікае значэнне ў гісторыі. “Дзяўчына з Назарэта не з’яўлялася ў “сацыяльных сетках” свайго часу, не была “агентам уплыву”, але, не жадаючы і не імкнучыся да гэтага, стала жанчынай з найбольшым уплывам у гісторыі. Марыя – гэта “агент уплыву” Бога. З дапамогай некалькіх слоў, яна здолела сказаць “так” і даверыцца любові і абяцанням Бога, адзінай сіле, здольнай абнавіць усё”, - дадаў Святы Айцец.

Падчас вігілійнага чування прагучала некалькі сведчанняў. Адна сужэнская пара падзялілася перажываннямі, якія мела, калі даведалася, што будзе мець дзіця з інваліднасцю. “Свет існуе не толькі для моцных”, - сказаў Папа. Ён параўнаў рашэнне бацькоў прыняць і любіць гэтае дзіця з рашэннем Панны Марыі, якая таксама пагадзілася ўдзельнічаць у задуме любові Бога.

“[Сказаць “так” Богу, значыць мець адвагу, каб прыняць жыццё такім, якое яно прыходзіць, з усёй яго ўразлівасцю і нязначнасцю, і вельмі часта нават з усімі яго супярэчнасцямі і адсутнасцю сэнса]”

, - сказаў Папа.

Гэта значыць “прыняць нашу Айчыну, нашы сем’і, нашых сяброў, такімі, якія яны ёсць, нават з іх уразлівасцю і нязначнасцю. Прыняцце жыцця праяўляецца таксама, калі прымаем усё тое, што не з’яўляецца дасканалым, чыстым і беззаганным, але нават у такой сітуацыі не менш годным любові”.

“[Хіба можа быць менш годным любові чалавек, таму што з’яўляецца інвалідам ці ўразлівым? Хіба можа быць менш годным любові чалавек, таму што з’яўляецца замежнікам, таму што памыліўся, таму што хворы ці знаходзіцца ў турме?]”

, - спытаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Езус прымаў пракажонных, паралізаваных, фарысеяў і грэшнікаў. Ён прыняў злодзея, укрыжаванага побач з Ім,  прыняў і прабачыў тых, хто ўкрыжаваў Яго самаго. “Чаму? Таму што толькі тое, што любяць, можа быць збаўлена”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак зазначыў, што “любоў Пана большая за ўсе нашы супярэчнасці, слабасці і мізэрнасці, але менавіта праз нашы супярэчнасці, слабасці і мізэрнасці Ён прагне пісаць нашу гісторыю любові”.

Рэпартаж з вігілійнага чування на СДМ-2019

Папа выказаўся таксама ў абарону сучаснай моладзі. “Як лёгка крытыкаваць моладзь і праводзіць час наракаючы, калі пазбаўляем яе магчымасці працаваць, вучыцца, ствараць супольнасць, за якую могуць зачапіцца і марыць пра будучыню!”, - сказаў ён. Паводле Францішка без працы, без адукацыі, без супольнасці і без сям’і жыццё маладога чалавека не мае каранёў і становіцца засохлым. “Гэтыя чатыры “без” – забіваюць”, - дадаў ён.

У праграму вігілійнага чування былі ўключаны тэатралізаваныя і музыкальныя нумары. Між іншых перад удзельнікамі буйнейшага форума каталіцкай моладзі выступіла знакамітае італьянскага трыа “Il Volo”.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 студзеня 2019, 10:29