Францішак: выкарыстанне ядзернай зброі – амаральна
Размова, якая адбылася12 студзеня 2019 г., была адкрытай і шчырай, а кола закранутых пытанняў – вельмі шырокім. Абмярковаліся гісторыя і ўнёсак “Pax Christi” у спрыянне міру, шляхі навучання міру ў школах і турмах, праблема раззбраення, занепакоенасць ухіленнем Італіі ад падпісання пагаднення адносна забароны ядзернай зброі, ваенная рэчаіснасць Сірыі і Палестыны і пакуты, якія зносяць, галоўным чынам, дзеці.
Кіраўнік руху “Pax Christi” арцыбіскуп Джавані Рык’юці адзначыў поўнае супадзенне поглядаў і пазіцый бакоў па ўзнятых пытаннях.
“Мы падкрэслілі прыярытэтную ролю Касцёла ў заахвочванні да раззбраення ва ўсіх яго значэннях і ва ўсіх вымярэннях”, - падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы мансеньёр Рык’юці. Па яго словах, Францішак ухваліў накіраванасць на навучанне міру, выказаўшы перакананне, што сёння яно павінна пачынацца з дзяцей, “адрасатаў жорсткіх пасланняў і аб’ектаў насілля”.
У ходзе размовы Папа паўтарыў пазіцыю, якую выказваў некалькі дзён таму, 7 студзеня 2019 г., падчас сустрэчы ў Ватыкане з членамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы: валоданне і выкарыстанне ядзернай зброі – амаральна. Папа прызнаў, што вельмі добра ўсведамляе: не ўсе тады пачулі яго словы, аднак дадаў, што “Касцёл не можа маўчаць”.
На думку арцыбіскупа Рык’юці, сваёй пазіцыяй Пантыфік хацеў яшчэ раз сцвердзіць адданасць Касцёла міратворчай місіі і сказаць, што ў сучасных умовах яго прароцтва міру “не можа не быць мужным, смелым, згодным на рызыку ісці супраць цячэння”.
На завяршэнне сустрэчы Пантыфік заклікаў сваіх гасцей працягваць працу па навучанні міру, узбагачаць разнастайнасць ініцыятыў у гэтым напрамку, сведчыць аб міры сваёй дзейнасцю і жыццём. Нарэшце, ён параіў членам руху “Pax Christi” авалодаць мастацтвам пасрэдніцтва і карыстацца ім у сваёй працы, бо гэта найлепшы шлях для пераадолення канфліктаў.
Міжнародны каталіцкі рух “Pax Christi” зарадзіўся ў Францыі ў 1945 г. Яго першапачаткова місіяй з’яўлялася малітва аб прымірэнні. Першая арганізаваная ім акцыя была накіравана на спрыянне прымірэнню французаў і немцаў пасля Другой сусветнай вайны. У 60-х гг. XX ст. рух за мір пашырыўся на ўсю Заходнюю Еўропу, а апублікаваная ў 1963 г. энцыкліка папы Яна XXIII Pacem in Terris (Мір на зямлі) стала яго сапраўдным натхненнем і моцна паўплывала на ўсю далейшую дзейнасць.