Францішак заклікаў хрысціян пазнаваць юдэйскую традыцыю
“Біблія сяброўства” – праект прывабны, але вельмі патрабавальны, напісаў Пантыфік у кнізе, якая выходзіць пры падтрымцы Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Ён адзначыў той факт, што ў апошні час шмат што змянілася ў каталіцка-юдэйскіх адносінах, аднак, трэба працаваць яшчэ больш.
“Каштоўнасці, традыцыі, вялікія ідэі, якія вызначаюць юдаізм і хрысціянства павінны служыць чалавецтву”, - перакананы Папа. Ён дадаў, што не можна забывацца пра “святасць і сапраўднасць сяброўства”. Менавіта Біблія дапамагае нам зразумець “непарушнасць гэтых каштоўнасцей”, менавіта Святое Пісанне з’яўляецца “неабходнай перадумовай для канструктыўнага дыялогу”.
Па словах Францішка, лепшы спосаб зносін – не толькі размаўляць і абмяркоўваць, але і “рэалізаваць сумесныя праекты з усімі тымі, хто мае добрую волю і ўзаемную павагу ў сяброўстве”. Папа падкрэсліў “узаемадапаўняльнасць, што дазваляе нам сумесна чытаць тэксты юдэйскай Бібліі, дапамагаючы адно аднаму даследаваць багацце Божага Слова”.
“Агульная мэта складаецца ў тым, каб стаць сведкамі любові Айца ў свеце. І для юдэя, і для хрысціяніна няма ніякіх сумненняў у тым, што любоў да Бога і любоў да бліжняга падсумоўвае ўсе запаведзі. Юдэі і хрысціяне павінны адчуваць сябе братамі і сёстрамі, якіх аб’ядноўвае адзін Бог і агульная багатая духоўная спадчына, на якой можна засноўваць і будаваць будучыню”, - адзначыў Пантыфік.
Францішак лічыць важным для хрысціян “адкрыццё і прасоўванне ведаў аб традыцыі юдаізму”. Гэта, на яго думку, дапаможа больш і па-сапраўднаму зразумець сябе”. Часткай гэтай асноўнай задачы з’яўляецца вывучэнне Торы. “Жадаю ісці па гэтым шляху з настойлівасцю”, - напісаў Папа.