Пантыфік да дыпламатаў пра глабальныя праблемы чалавецтва
Традыцыйная аўдыенцыя з нагоды Божага нараджэння і Новага года прайшла 7 студзеня 2019 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца. Сваю доўгую прамову Папа прысвяціў актуальным выклікам, звязаным з палітычнай сітуацыяй у свеце.
Пантыфік падкрэсліў, што ў дыпламатычнай дзейнасці Святы Пасад кіруецца прынцыпам служэння дабру чалавечай сям’і і кожнага чалавека. У гэтым кантэксце ён выказаў спадзяванне, што Часовае пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Кітайскай Народнай Рэспублікай адносна прызначэння біскупаў у Кітаі, паспрыяе вырашэнню адкрытых пытанняў і пашырэнню рэлігійнай свабоды ў гэтай краіне.
Папа прыгадаў, што сёлета будзе адзначацца 100-годдзе заснавання Лігі Нацый – міжнароднай арганізацыі, якая больш не існуе, але якая заклала падмурак для шматбаковай дыпламатыі і дыялогу паміж дзяржавамі дзеля супольнага вырашэння праблем. Ён пажадаў, каб гэты дыялог працягваўся, нягледзячы на існуючыя цяжкасці.
Пантыфік звярнуў увагу таксама на прычыны крызісу даверу да міжнародных арганізацыі: няздольнасць прапаноўваць эфектыўныя рашэнні праблем; імкненне палітыкаў да неадкладнага кансэнсуса, а не да цярплівага пошуку агульнага дабра; навязванне зацікаўленымі бакамі свайго пункту гледжання, што выражаецца ў ідэалагічнай каланізацыі, а таксама пра такі негатыўны аспект глабалізацыі, як пагарда рэгіянальнымі асаблівасцямі.
Святы Айцец заклікаў палітыкаў слухаць свае народы і шукаць канкрэтных рашэнняў праблем. Важным аспектам добрай палітыкі з’яўляецца імкненне да “дабра ўсіх людзей і кожнага чалавека”, а таксама да стварэння умоў, якія дазволяць кожнай асобе і ўсяму грамадству дасягнуць матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту.
Папа нагадаў пра дабрачынную дзейнасць Святога Пасаду, у прыватнасці пра ініцыятыву на карысць Украіны, запэўніўшы, што яе рэалізацыя будзе працягвацца. Таксама ён звярнуў увагу на сітуацыю ў Сірыі, заклікаючы міжнародную супольнасць падтрымаць палітычнае вырашэнне канфлікту ў гэтай краіне.
Пантыфік нагадаў пра свае намаганні на карысць развіцця міжрэлігійнага дыялога і ўзаемнай павагі паміж хрысціянамі і мусульманамі. Гэтай мэце будуць служыць, між іншым, два запланаваныя на гэты год Апостальскія падарожжы: у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Марока.
Папа заклікаў палітыкаў гарантаваць будучыню моладзі і інвеставаць у ініцыятывы, якія дазволяць будучым пакаленням будаваць заўтрашні дзець, маючы магчымасці для працы, стварэння сям’і і выхавання дзяцей.
Святы Айцец звярнуў увагу на сітуацыю дзяцей у свеце. Гаворачы аб злоўжываннях адносна непаўлетніх ён запэўніў, што Апостальская Сталіца і ўвесь Касцёл змагаюцца з гэтымі злачынствамі і іх утойваннем, працуюць, каб прадухіляць злоўжыванні, устанавіць праўду адносна адказнасці прадстаўнікоў Касцёла, а таксама, каб забяспечыць справядлівасць у адносінах да непаўналетніх, што сталі ахвярамі сексуальнага насілля, злоўжыванняў уладай і сумленнем.
Пантыфік нагадаў пра рост насілля і працоўнай дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, прапаганду гендэрнай ідэалогіі, парушэнні правоў рабочых, феномен сучаснага рабства, эксплуатацыю непаўналетніх. Папа заклікаў да ядзернага разбраення і адмаўлення ад зброі масавага знішчэння. Ён падкрэсліў, што суіснаванне членаў чалавечай сям’і павінна кіравацца этыкай салідарнасці.
Спасылаючыся на 30-годдзе падзення Берлінскай сцяны, якое будзе адзначацца сёлета, ён заўважыў, што гэта падзея дала магчымасць пакончыць з спадчынай Другой сусветнай вайны – падзелам Еўропы. У сувязі са спробамі ўзвесці “новыя бар’еры” ён пажадаў Еўропе не забываць пра дабро, якое вынікае з сяброўства і збліжэйння народаў, галоўнае з якіх – гэта мір.