Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік спыніў дзейнасць Папскай камісіі “Ecclesia Dei”

Святы Айцец Францішак скасаваў Папскую камісію “Ecclesia Dei”. Адпаведны Апостальскі ліст у форме “motu proprio” быў абнародаваны 19 студзеня 2019 г. у Ватыкане.

Кампетэнцыі Камісіі былі цалкам перададзены Кангрэгацыі Веравучэння, у рамках якой была створана адмысловая Секцыя, якая будзе працягваць дзейнасць структуры. Дакумент быў падпісаны Пантыфікам 17 студзеня 2019 г.

Папская камісія “Ecclesia Dei” была заснавана 2 ліпеня 1988 г. св. Янам Паўлам ІІ, з мэтай дапамагчы вярнуцца да поўнай касцёльнай еднасці святарам, семінарыстам, супольнасцям, кансэкраваным асобам, звязаным з Брацтвам, якое стварыў арцыбіскуп Марсэль Лефеўр. Гаворка ішла пра духавенства і кансэкраваных асоб, якія хацелі прабываць у еднасці з Наступнікам св. Пятра і трымацца пры гэтым так званай трыдэнцкай духоўнай і літургічнай традыцыі. Камісія мела паўнамоцтвы дзейнічаць ад імя Святога Пасаду.

У сілу Апостальскага ліста “Summorum pontificium” Бэнэдыкта XVI ад 7 ліпеня 2007 г. Камісія “Ecclesia Dei” набыла кампетэнцыю ажыццяўляць уладу Святога Пасаду над узгаданымі інстытутамі і манаскімі супольнасцямі, назіраючы за захаваннем імі ўстаноўленых норм.

Апостальскім лістом “Ecclesiae unitatem” ад 2 ліпеня 2009 г. Бэнэдыкт XVI рэарганізаваў структуру Папскай камісіі, каб зрабіць яе больш адпаведнай новай сітуацыі, што ўзнікла пасля зняцця экскамунікі з чатырох біскупаў Брацтвам св. Пія Х, якія атрымалі сакру без папскага мандата. У сувязі з тым, што пытанні, якімі цяпер займалася Камісія, насілі, галоўным чынам, дактрынальны характар, Пантыфік больш інтэграваў яе з Кангрэгацыяй Веравучэння.

15 лістапада 2017 г. Кангрэгацыя Веравучэння скіравала просьбу, каб дыялог паміж Святым Пасадам і Святарскім Брацтвам св. Пія Х ажыццяўляўся непасрэдна ўзгаданай Кангрэгацыяй.

Беручы пад увагу той факт, што пытанні, якія стаяць на парадку дня, носяць дактрынальны характар, а колькасць і жыццё інстытутаў і манаскіх супольнасцей, якія цэлебруюць св. Імшу ў надзвычайнай форме сталі стабільнымі, Францішак падтрымаў гэтую просьбу падчас аўдыенцыі для прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, якая прайшла 24 лістапада 2017 г. Рашэнне было прынята на пленарным пасяджэнні ватыканскай дыкастэрыі ў студзені 2018 г.

Пастанова ўвайшла ў сілу 19 студзеня 2019 г., з моманту публікакацыі ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 студзеня 2019, 12:00