Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік стварыў профіль у малітоўнай сацыяльнай сетцы

Францішак стварыў профіль у малітоўнай сацыяльнай сетцы “Click to pray”. Падчас малітвы “Анёл Панскі” 20 студзеня 2019 г. ён заклікаў вернікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы.

Папа распавёў, што на гэтым тыдні будзе абнародавана пасланне на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, у якім сёлета будзе ўтрымлівацца “рэфлексія аб сеткавых суполках і чалавечай супольнасці”.

“[Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі – гэта рэсурс нашага часу; нагода, каб быць у кантакце з іншымі, каб дзяліцца каштоўнасцямі і задумамі, каб выражаць жаданне стварэння супольнасці. Сеціва можа дапамагчы нам таксама маліцца разам]”

, - зазначыў ён.

У сувязі з гэтым Францішак прадставіў афіцыйную платформу Сусветнай сеткі малітвы Папы пад назвай “Click to pray”. На ёй будуць размяшчацца малітоўныя інтэнцыі і просьбы Святога Айца.

“Запрашаю, галоўным чынам, моладзь спампаваць аплет “Click To Pray”, працягваючы маліцца разам са мной Ружанец у інтэнцыі міру, асабліва падчас Сусветных дзён моладзі ў Панаме”, - заклікаў Пантыфік.

“Click To Pray” даступна як для сістэмы “Android”, так і для “iOS”. Дадатак мае тры галоўныя раздзелы. Першы, які называецца “Маліся з Папам”, утрымлівае штомесячныя малітоўныя інтэнцыі Святога Айца. Другі раздзел – “Маліся штодзённа”, пакліканы стымуляваць да штодзённай малітвы. Трэці – “Маліся ў сеціве”, з’яўляецца прасторай, дзе карыстальнікі аплету могуць размяшчаць свае малітоўныя просьбы, каб маліцца адзін за аднаго.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
20 студзеня 2019, 12:12