Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Папа: малітва заўсёды змяняе рэчаіснасць і нас

Малітва заўсёды перамяняе рэчаіснасць: нават калі не змяняюцца рэчы вакол нас, змяняемся мы і нашы сэрцы, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 студзеня 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Пантыфік спаслаўся на Евангелле св. Лукі, у якім часта вакол Езуса пануе “малітоўная атмасфера”. Менавіта тут змешчаны тры гімны, якія штодзённа гучаць у малітве Касцёла: “Benedictus”, “Magnificat” і “Nunc dimittis”.

Францішак заўважыў, што Езус шмат маліўся. “Кожны жыццёвы крок Езуса нібыта суправаджаецца Святым Духам, Які кіруе Ім ва ўсіх дзеяннях. Езус моліцца падчас хросту ў Ярдане, размаўляе з Айцом перад тым як прыняць самыя важныя рашэнні, часта ўцякае, каб памаліцца ў самотнасці, заступаецца за Пятра, які хутка ад Яго адрачэцца: “Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера”. Гэта дае суцяшэнне: ведаць, што Езус моліцца за нас, моліцца за мяне, за кожнага з нас, каб наша вера не аслабла...”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што таксама і смерць Месіі была прасякнута атмасферай малітвы і супакою: Езус суцяшаў жанчын, маліўся за сваіх забойцаў, абяцаў рай добраму злодзею, а калі паміраў, сказаў: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23,46).

“[Здаецца, што малітва Езуса змякчае самыя гвалтоўныя эмоцыі, жаданне помсты і адплаты, прымірае чалавека з яго самым злым ворагам, якім з’яўляецца смерць]”

, - дадаў Пантыфік.

Калі вучні прасілі Езуса, каб навучыў іх маліцца, Ён патлумачыў, з якімі словамі і пачуццямі яны павінны звяртацца да Бога. У першую чаргу, заклікаў называць Бога “Ойча”.

Акрамя таго, Хрыстус вучыць, што малітва павінна быць настойлівай, як у прыпавесці пра чалавека, што прыйшоў да свайго сябра ноччу папрасіць хлеба. Затым Ён прыводзіць прыклад бацькі, што мае галоднага сына: “Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю?” (Лк 11,11).

“[Гэтымі словамі Езус дае зразумець, што Бог адказвае заўсёды, што ніводная малітва не застаецца нявыслуханай. Чаму? Таму што Ён – Айцец, не забываецца пра сваіх дзяцей, якія пакутуюць]”

, - дадаў Папа.

“Вядома, гэтыя гэтыя заявы падвяргаюць нас выпрабаванню, бо нашы шматлікія малітвы, здаецца, не прыносяць ніякага выніку. Колькі разоў мы прасілі і не атрымалі, стукалі і бачылі зачыненыя дзверы. Мы ўсе сустракаліся з гэтым. Езус раіць нам быць настойлівымі ў такія моманты і не скарацца. Малітва заўсёды змяняе рэчаіснасць, заўсёды. Нават калі не змяняюцца рэчы вакол нас, прынамсі змяняемся мы, змяняецца наша сэрца. Езус абяцае дар Святога Духа кожнаму чалавеку, які моліцца”, - сказаў Францішак.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

Пантыфік заклікаў вернікаў быць упэўненымі, што Бог абавязкова адкажа на іх малітвы.“Адзіная няўпэўненасць тычыцца часу, але не варта сумнявацца, што Ён адкажа. Магчыма, спатрэбіцца быць настойлівымі ўсё жыццё, але Ён адкажа. Ён паабяцаў гэта: Ён не як бацька, што дае змяю замест рыбы. Няма нічога больш надзейнага: жаданне шчасця, якое ўсе мы носім у сэрцы, аднойчы споўніцца. Езус кажа: “Ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч” (Лк 18,7). Так, Ён учыніць справядлівасць, выслухае нас!”, - запэўніў Францішак.

Малітва азначае перамогу над самотнасцю і роспаччу, а ў канцы нашага малітоўнага і жыццёвага шляху заўсёды знаходзіцца Айцец, Які чакае ўсё і ўсіх з распасцёртымі рукамі, заўважыў на заканчэнне сваёй катэхезы Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 студзеня 2019, 11:46