Папа здзейсніў нечаканы візіт у жаночы кляўзуровы кляштар
Гэта адбылося 11 студзеня 2019 г. у першай палове дня. Спантанны жэст Пантыфіка стаў яго адказам на наведванне сёстрамі-кларыскамі ватыканскага Дома св. Марты. Тады, 25 жніўня 2016 г., у прысутнасці кляўзуровых законніц з усяго свету, Святы Айцец уручыў ім Апостальскую канстытуцыю “Vultum Dei quaerere” (“Пошук Божага аблічча”) – дакумент, прысвечаны жаночаму кантэмпляцыйнаму жыццю.
Аб сваім намеры здзейсніць візіт у манастыр кларысак Францішак паведаміў толькі біскупу Гуальцьеры Сігізмондзі, душпастыру дыяцэзіі Фаліньё, у якім размешчаны жаночы кляштар.
Папа з’явіўся на яго парозе каля дзявятай гадзіны раніцы і прыняў удзел у св. Імшы разам з законніцамі. Пасля сумеснай малітвы Францішак прысвяціў пэўны час на нефармальныя размовы з сёстрамі і застаўся ў кляштары на абед.
“Мы нікога не чакалі, таму нічога надзвычайнага не прыгатавалі. Аднак ён вельмі проста сеў з намі за стол і паводзіў сябе як айцец і сапраўдны пастыр”, - падзялілася ўражаннямі абатыса кляштара сястра К’яра Маскеці.
Апоўдні Папа развітаўся з законніцамі. Напаследак Святы Айцец пажадаў ім жыць у еднасці з Богам і ў любові супольнасці, а таксама папрасіў іх аб малітве за Касцёл і за маладое пакаленне, асабліва з улікам надыходзячых XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Панаме. Перад ад’ездам Святы Айцец удзяліў Апостальскае благаслаўленне ўсёй дыяцэзіі Фаліньё.