Пошук

Вялікая мячэць шэйха Зайдзі ў Абу-Дабі Вялікая мячэць шэйха Зайдзі ў Абу-Дабі 

Дыялог з ісламам у цэнтры паездкі Пантыфіка ў Эміраты

Касцёл павінен ісці не толькі туды, дзе ёсць католікі. Ён не можа засяроджвацца на сабе, трэба глядзець вонкі, лічыць былы падсакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Арцыбіскуп Фелікс Энтані Мачадо перакананы, што ў цэнтры папскага візіту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты знаходзіцца дыялог з ісламам. Францішак хоча “заклікаць католікаў па ўсім свеце, каб рэалізавалі на практыцы вучэнне Касцёла адносна дыялогу з мусульманамі”.

Біскуп дыяцэзіі Васаі ў Індыі спаслаўся, між іншым, на запланаваную сустрэчу Папы з Сусветнай Мусульманскай Радай Старэйшын. “Гэта група, якая падрыхтавала папскі візіт. Яны хацелі б, каб лідары ўсіх рэлігій разам думалі, як забяспечыць мір паміж імі ў глабальным маштабе”, - патлумачыў іерарх.

“Ініцыятыва зыходзіла ад сунітаў, лідарам якіх з’яўляецца Вярхоўны імам мячэці Аль-Азхар у Каіры. Ён шукае падтрымкі з боку Францішка, які прымае вельмі актыўны ўдзел у пабудове міру”, - падкрэсліў арцыбіскуп Мачадо.

Іерарх пракаментаваў і крытычныя ў адносінах да візіту Святога Айца галасы, якія лічаць, што ён непатрэбны ў краіне, дзе няма мясцовага каталіцкага насельніцтва. “Касцёл не можа засяроджвацца на сабе, трэба глядзець вонкі. Хоць празелітызм у Эміратах забаронены, хрысціяне тут складаюць каля 14% насельніцтва і маюць у сваім распараджэнні па меншай меры 31 храм. Як і прадстаўнікі іншых рэлігій, яны не могуць вызнаваць сваёй веры публічна. Але ўлады іх не пераследуюць, калі набажэнствы адбываюцца ў прыватных будынках. Касцёл не можа чакаць, пакуль правы чалавека стануць агульнапрынятымі. Павінен дзейнічаць у сітуацыі, у якой знаходзіцца, паколькі асабліва ў краінах Персідскага заліва ён не можа чакаць аптымальных умоў”, - патлумачыў былы супрацоўнік Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лютага 2019, 12:08