Пошук

Папа падчас св. Імшы ў Абу-Дабі Папа падчас св. Імшы ў Абу-Дабі 

Францішак да католікаў ААЭ: вы ведаеце мелодыю Евангелля

Наследаваць Езуса ў штодзённым жыцці ў духу евангельскіх благаслаўленняў, заклікаў Францішак падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 5 лютага 2019 г. у Абу-Дабі, на стадыёне “Заід-Спортс-Сіці”.

Як паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Алесандра Джызоці, у літургіі прынялі ўдзел каля 180 тыс. вернікаў розных каталіцкіх абрадаў, прадстаўнікоў каля 100 нацыянальнасцей, якія пражываюць і працуюць у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

У гаміліі Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак аб благаслаўленнях (Мц 5,1-12а), у якіх заклікаў заўважыць апазіцыю да шырока распаўсюджанага сёння ладу мыслення, згодна з якім шчаслівымі з’яўляюцца багатыя, моцныя, тыя, каму шанцуе, кім захапляюцца натоўпы.

Для Езуса, аднак, наадварот: шчаслівыя бедныя, лагодныя, тыя, хто застаецца справядлівым нават коштам сваёй рэпутацыі, тыя, каго пераследуюць. Хрыстус, “бедны рэчамі і багаты любоўю, аздаравіў жыццё шматлікіх асоб, але не пашкадаваў свайго”, Ён “прыйшоў, каб служыць, а не каб Яму служылі”, Ён навучыў нас, “што вялікі не той, хто мае, а той, хто дае”, заўважыў Папа.

“[Папросім сёння разам на гэтым месцы ласку адкрыцця па-новаму захаплення падарожжам з Езусам, наследаваннем Яго, адмовай ад пошуку ўсяго, апрача Яго і Яго пакорнай любові. Менавіта ў гэтым, у еднасці з Ім і любові да іншых заключаецца сэнс жыцця на зямлі]”

, - дадаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што прыбыў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, каб падзякаваць мясцовым вернікам за жыццё Евангеллем. “Кажуць, што паміж напісаным і перажытым Евангеллем існуе такая ж розніца, як паміж напісанай і выкананай музыкай. Вы тут ведаеце мелодыю Евангелля і жывяце энтуіязмам яго рытму”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што жыццё Евангеллем не з’яўляецца лёгкім, але запэўніў вернікаў у тым, што Езус заўсёды падтрымлівае сваіх вучняў.

“[Благаслаўленні прызначаны не для “звышчалавека”, але для таго, хто змагаецца з штодзённымі выклікамі і выпрабаваннямі. Той, хто перажывае іх у духу Езуса, робіць свет чыстым]”

, - сцвердзіў Папа

“Ён, як дрэва, якое нават на бясплоднай зямлі штодзённа паглынае забруджанае паветра і выдзяляе кісларод. Я жадаю вам быць такімі, добра ўкаранёнымі ў Езусе і гатовымі рабіць дабро кожнаму, хто знаходзіцца побач з вамі. Няхай вашы супольнасці будуць аазісамі супакою”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што ў адносінах з не-хрысціянамі трэба ўзброіцца выключна пакорнай верай і канкрэтнай любоўю.

Рэпартаж з св. Імшы ў Абу-Дабі

“Касцёл, які трывае ў слове Езуса і братэрскай любові, радуе Пана і прыносіць плады. Я прашу вас аб ласцы захавання супакою, еднасці, клопату адно аб адным, з тым цудоўным братэрствам, для якога не існуе першага і другога класа. Няхай Езус, Які называе вас шчаслівымі, дасць вам ласку крочыць наперад без роспачы, узрастаючы ў любові “адзін да аднаго і да ўсіх” (1Тэс 3,12), - сказаў Святы Айцец на заканчэнне гаміліі.

Пасля св. Імшы Папа накіраваўся ў аэрапорт Абу-Дабі, адкуль, пасля кароткай развітальнай цырымоніі, вылецеў у Рым.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 лютага 2019, 11:16