Пантыфік: кансэкраванае жыццё – гэта не выжыванне
Пантыфік, спасылаючыся на Дзень кансэкраванага жыцця, заклікаў законнікаў і законніц да барацьбы супраць пасрэднасці і спакусы адмовы ад прабывання з Богам, супраць прыстасаванасці да камфортнага і свецкага жыцця, супраць скарг, незадаволенасці і жалю да сябе, супраць звычак “рабіць столькі, колькі можна” і “заўсёды было так”.
Францішак адзначыў, што Бог заклікае нас быць разам з Ім праз вернасць у канкрэтных рэчах: штодзённай малітве, св. Імшы, споведзі, сапраўднай любові, штодзённай сустрэчы са Словам Божым. Калі ў кансэкраваным жыцці паслухмянасць настаяцелю і рэгуле рэалізуюцца з любоўю, “з’яўляецца Дух Божы, Які прыносіць сюрпрызы”, - сказаў ён.
“Кансэкраванае жыццё – гэта не выжыванне, а новае жыццё. Гэта жывая сустрэча з Панам у Яго народзе. Гэта пакліканне да штодзённай вернай паслухмянасці і выдатных нечаканасцей Духа. Гэта ўява таго, каго варта абняць, каб мець радасць – Езуса”, - сказаў на заканчэнне Францішак.