Пантыфік: ключавое слова маральнай тэалогіі – міласэрнасць
Аўдыенцыя адбылася 9 лютага 2019 г. у Клеменційскай Зале ватыканскага Апостальскага палаца. Яна была прымеркавана да 70-годдзя Акадэміі, заснаванай у 1949 г. і названай у гонар св. Альфонса Марыі Лігуоры. У сустрэчы са Святым Айцом прынялі ўдзел каля 400 чалавек.
Францішак падкрэсліў, што вывучэнне маральнай тэалогіі павінна чэрпаць натхненне з місійнага паклікання Касцёла, які выходзіць насустрач людзям. Яна павінны быць блізкай да канкрэтных сітуацый людзей і сем’яў.
“Рэальнасць, якую трэба выслухаць, гэта, у першую чаргу, пакуты і надзеі тых, каго тысячы форм улады граху працягваюць асуджаць на небяспеку, беднасць, маргіналізацыю. Св. Альфонс вельмі хутка зразумеў, што гаворка не ідзе пра той свет, ад якога трэба бараніцца і тым больш асуджаць, але пра той, які трэба лячыць, аздараўляць і вызваляць, наследуючы прыклад Хрыста: уцелаўляцца і раздзяляць патрэбы, распальваць самыя глыбокія чаканні сэрца, дапамагаць адчуць, што кожны, нават самы слабы і грэшны, знаходзіцца ў сэрцы Нябеснага Айца, што Хрыстус яго палюбіў аж да крыжа”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Паводле Папы, ключавым словам маральнай тэалогіі з’яўляецца міласэрнасць. Маральная тэалогія павінна быць рэхам слоў Езуса, Які казаў сваім вучням, што прыйшоў не судзіць свет, а збавіць яго, што жаданне Яго Айца: каб людзі “мелі жыццё і мелі ў дастатку”, каб удзельнічалі ў паўнаце Яго радасці.
Гаворачы пра актуальныя праблемы сучаснага глабалізаванага свету, Пантыфік падкрэсліў, што павінна быць пераадолена індывідуалістычная логіка і схільнасць да хуткіх адказаў. Акрамя таго, важна пашырэнне адчувальнасці да праблем навакольнага асяроддзя.
“Рэдка здараецца, каб (на споведзі) нехта прызнаваўся ў насіллі над прыродай, над зямлёй, над стварэннем. Мы яшчэ не маем усведамлення гэтага граху. Ваша заданне заключаецца ў тым, каб яно ўзнікла”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Каментуючы выклікі ў галіне біяэтыкі, Пантыфік адзначыў патрэбу ў “мужным сведчанні безумоўнай каштоўнасці кожнага жыцця”, асабліва самага слабога і безабароннага.
Папа пажадаў, каб маральная тэалогія не баялася ўздымаць канкрэтныя праблемы, з адвагай даючы сведчанне, што Хрыстус – гэта “дарога, праўда і жыццё”.