Папа: Езус хоча, каб мы дакраналіся да людской галечы
1 лютага 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў 69-га Генеральнага капітула Шпітальнага ордэна св. Яна Божага, баніфратраў, які з 14 студзеня па 5 лютага 2019 г. праходзіць у Рыме.
У сваёй прамове Папа засяродзіўся на трох тэмах: разважлівасці, блізкасці або гасціннасці і сумеснай місіі.
Святы Айцец выказаў перакананне, што без разважлівасці не былі б ажыццявімымі мэты Года Кансэкраванага Жыцця, а менавіта захаванне ўдзячнай памяці пра мінулае, заўзятае пражыванне сучаснасці і ўгляданне ў будучыню з надзеяй.
Папа пажадаў, каб гэты Генеральны капітул застаўся ў сэрцах яго ўдзельнікаў “як вопыт дыялогу і разважлівасці праз слуханне Святога Духа, братоў і супрацоўнікаў, у супрацьстаянні спакусе засяроджвання толькі на сабе”.
Разважаючы на тэму блізкасці, Пантыфік падкрэсліў, што ў ахрышчанай ці ў кансэкраванай асобе не будзе сапраўднай спагадлівасці ў адносінах да іншых, калі не будзе любові да Езуса.
, - перакананы Папа.
Пантыфік пажадаў сваім гасцям наследаваць у служэнні хворым Добрага Самараніна, які не меў мноства сродкаў і інструментаў для дапамогі напаўмёртваму, што ляжаў на ўзбочыне дарогі, аднак у яго быў “уважлівы позірк” і сэрца, якое “стукала ва ўнісон з іншым чалавекам”.
“Самаранін клапоціцца пра параненага. Слова “клапаціцца” мае чалавечае і духоўнае вымярэнні. Езус хоча, каб мы дакраналіся да людской галечы, каб дакраналіся да Яго цела праз целы тых, якія пакутуюць фізічна ці духоўна. Дакранацца да іх, каб дазволіць дакрануцца да сябе. Гэта будзе вельмі карысна! Тады вашае жыццё ператворыцца ў вобраз міласэрнага Сэрца Бога”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заахвоціў баніфратраў ствараць “самаранскія” сеткі на карысць самых бедных і дбаць, каб іх кляштары заставаліся заўсёды “адкрытымі і гасціннымі супольнасцямі, каб пашыраць спагадлівую салідарнасць”.
Нарэшце, тэрміновая неабходнасць у сумесных місіях, па словах Пантыфіка, тлумачыцца не столькі недахопам пакліканняў, колькі тым фактам, што “нашыя харызмы з’яўляюцца дарамі для ўсяго Касцёла і свету”.
“Заахвочваю вас дбаць пра вашу фармацыю, не занядбоўваючы падрыхтоўкай свецкіх у святле харызмы, духоўнасці і місіі хрысціянскай гасціннасці, каб і яны мелі пачуццё прыналежнасці і каб у іх дзейнасці не было недахопу сведчання духоўнасці, якая жывіла жыццё св. Яна Божага”, - пажадаў Францішак.