Апублікавана праграма бліжэйшых папскіх літургічных цэлебрацый
6 сакавіка вечарам, у Папяльцовую сераду, ён адправіцца на рымскі Авенцін. Там ён пройдзе ў пакутнай працэсіі ад бэнэдыктынскага касцёла св. Анзэльма да дамініканскай базылікі св. Сабіны, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з абрадам пасыпання галоў попелам.
Сёлетнія велікапосныя рэкалекцыі для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі пройдуць 10-15 сакавіка, як звычайна ў мястэчку Арыча, у 30 км ад Рыма. Праз два тыдні пасля іх завяршэння, у пятніцу, 29 сакавіка Пантыфік узначаліць пакутнае набажэнства ў базыліцы св. Пятра, а 30 сакавіка адправіцца з двухдзённым Апостальскім візітам у Марока.
Асабліва насычаным стане перадпасхальны час і сам Вялікдзень. У Пальмовую нядзелю, 14 красавіка, Папа ўзначаліць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, падчас якой адбудзецца працэсія з пальмамі. Вялікі Чацвер, 18 красавіка, распачнецца для Пантыфіка сустрэчай са святарамі на Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы. 19 красавіка вечарам там жа Святы Айцец узначаліць набажэнства Вялікай Пятніцы, пасля якога накіруецца ў рымскі Калізей, дзе возьме ўдзел у Крыжовым Шляху. У суботу, 20 красавіка, Францішак правядзе Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы св. Пятра. У Вялікдзень, 21 красавіка, ён узначаліць святочную Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, пасля якой падымецца на балкон цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі, каб скіраваць пасланне міру і ўдзяліць благаслаўленне “Urbi et Orbi”.