Прадстаўлена праграма візіту Святога Айца ў Марока
Пілігрымка Францішка ў мусульманскую краіну будзе праходзіць па запрашэнні караля Мухамеда VI і мясцовых біскупаў. 33 гады тут быў св. Ян Павел ІІ.
Пантыфік прыбудзе ў Рабат, сталіцу Марока, яе культурны і індустрыяльны цэнтр, 30 сакавіка ў другой палове дня. У аэрапорце яго чакае цырымонія прывітання, адразу пасля якой ён накіруецца ў Каралеўскі палац, дзе адбудзецца візіт ветлівасці да Мухамеда VI. Сустрэча з мараканскай грамадскасцю і замежным дыпкорпусам пройдзе перад сталічнай Мячэццю Хасана. У той жа дзень Францішак наведае Маўзалей караля Мухамеда V, а ў Інстытуце Мухамеда VI прамовіць да мясцовых імамаў і прапаведнікаў. Затым, у каталіцкім цэнтры Caritas, яго чакае сустрэча з мігрантамі.
Нядзеля 31 сакавіка пачнецца для Папы з візіту ў сельскі сацыяльны цэнтр у горадзе Тэмара, на поўдзень ад Рабат. Пасля вяртання ў сталіцу, у мясцовай катэдры, пройдзе яго сустрэча з духавенствам. Тут будуць прысутнічаць і прадстаўнікі Экуменічнай Рады Цэркваў. Заключным пунктам Апостальскага візіту стане св. Імша. У той жа дзень Францішак вернецца ў Рым.
Пілігрымка Святога Айца пройдзе пад дэвізам: “Слуга надзеі”.