Францішак – ганаровы старшыня веласіпеднай асацыяцыі
Наданне гэтага тытула Святому Айцу з’яўляецца “знакам прызнання, удзячнасці і пабожнасці”, падкрэсліў старшыня спартыўнага аб’яднання Даменіка Макры.
“Да нашых звычак не належыць выбіраць членамі ці старшынямі нашай асацыяцыі каго заўгодна. Патрэбны такія важныя рысы, як любоў і адданасць спорту, дух справядлівасці, каманды, ахвярнасці, уласцівы сапраўднаму чампіёну, які здольны спаборнічаць, каб распаўсюджваць пасланне міру і надзеі. Францішак мае ўсе гэтыя характарыстыкі і таму заслугоўвае пасведчання”, - дадаў ён.
Ганаровым старшынёй асацыяцыі “G.S.Madonna del Ghisallo” з 2007 г. быў таксама Бэнэдыкт XVI. Прывелеяваныя адносіны з гэтым старажытным аб’яднаннем мелі Ян Павел ІІ, Ян Павел І, Павел VI, Ян ХХІІІ і Пій ХІІ.
Асацыяцыя атрымала назву ад санктуарыя Маці Божай Гізальскай, які знаходзіцца ў італьянскім рэгіёне Ламбардыя. Праз яго пралягае маршрут аднадзённай велагонкі “Джыра дзі Ламбардыя”, а таксама знакамітай “Джыра д’Італія”. Многія веласіпедысты, як прафесійныя, так і аматары, прыбываюць сюды, каб падзякаваць Панне Марыі за дасягненні ці папрасіць дапамогі ў патрэбах. У 1949 г. Пій ХІІ абвясціў Маці Божую Гізальскую “Апякункай усіх веласіпедыстаў у свеце”.
Акрамя ганаровага старшынства ў італьянскай веласіпеднай асацыяцыі, Францішак мае таксама пасведчанне балельшчыка аргентынскага футбольнага клуба “Сан-Ларэнса дэ Альмагра”, даўнім заўзятарам якога з'яўляецца.