Францішак пажадаў вернікам плённага Вялікага посту
Перажыць час Вялікага посту ў духу сапраўднага пакаяння і навяртання, заклікаў Папа вернікаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 6 сакавіка 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
“Cёння, у Папяльцовую сераду, распачынаецца велікапосны шлях. Жадаю кожнаму з вас перажыць гэты час у духу сапраўднага пакаяння і навяртання, як вяртанне да Айца, Які ўсіх сустракае сардэчна, каб уключыць у самую блізкую еднасць з Ім”, - сказаў Францішак.
Па традыцыі, у Папяльцовую сераду Папа ўзначаліць пакутную працэсію ў форме рымскіх “Стацый”, якая распачнецца малітвай у рымскім касцёле св. Анзэльма і накіруецца да базылікі св. Сабіны, дзе пройдзе Эўхарыстыя з абрадам пасыпання галоў попелам.
06 сакавіка 2019, 11:32