Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Motu proprio Францішка адносна абароны непаўналетніх

Святы Пасад абнародаваў тры дакументы заканадаўча-рэгулюючага характару, распрацаваныя па выніках саміту па абароне непанаўлетніх, які праходзіў у Ватыкане ў лютым 2019 г.

Сваім подпісам Францішак зацвердзіў дакумент у форме motu proprio адносна абароны непаўналетніх і ўразлівых асоб, новы закон Дзяржавы Ватыкан, які распаўсюджваецца ў тым ліку на Рымскую курыю, і Пастырскае кіраўніцтва.

Спецыфіка дакументаў у тым, што яны датычаць толькі Дзяржавы Ватыкан, дзе працуе вялікая колькасць святароў і рэлігійных асоб, але вельмі мала дзяцей. Хоць нарматыўныя тэксты і былі напісаны для ўнікальнай рэчаіснасці ў свеце, у якой найвышэйшая рэлігійная ўлада выступае адначасова кіраўніком і заканадаўцам, яны ўтрымліваюць узорныя ўказанні з улікам найбольш перадавых міжнародных характарыстык.

У motu proprio, адзіным з трох дакументаў, у якім подпіс Папы абавязковы, Францішак, між іншым, выказвае пажаданне, каб “умацоўваўся ва ўсёй свядомасці абавязак паведамляць пра выпадкі злоўжыванняў кампетэнтным уладам і супрацоўнічаць з імі ў справе прадухілення і барацьбы” з феноменам.

Той факт, што Францішак вырашыў асабіста падпісаць Закон CCXCVII і Пастырскае кіраўніцтва – тэксты, якія маглі і без таго быць абнародаваныя адпаведна Камісіяй па справах Дзяржавы Ватыкан і Папскім вікарыем, сведчыць пра важнасць гэтых нормаў.

Першы дакумент – гэта новы закон, у першым артыкуле якога даецца дакладнае і шырокае вызначэнне катэгорыі “ўразлівых дарослых”, якія прыраўноўваюцца да непаўналетніх: “Уразлівай з’яўляецца кожная асоба ў стане непаўнаспраўнасці, фізічнага ці псіхічнага парушэння або пазбаўленая асабістай свабоды, што фактычна, у тым ліку і выпадкова, абмяжоўвае яе здольнасць намервацца, або жадаць, або любым чынам супрацьстаяць нападу”.

Дакумент утрымлівае шэраг вельмі важных новаўвядзенняў. Па-першае, ад гэтага часу ўсе злачынствы, звязаныя са злоўжываннямі ў дачыненні да непаўналетніх, не толькі сексуальнымі, але і ганебнымі, будуць праследавацца па законе нават пры адсутнасці адпаведнай заявы аднаго з бакоў.

Па-другое, тэрмін даўнасці, якім уводзіцца некаральнасць па справе сексуальнага злоўжывання ў дачыненні да непаўналетняй асобы, павялічваецца з чатырох гадоў з моманту здзяйснення злачынства да дваццаці гадоў з моманту дасягнення ахвярай злачынства 18 гадоў.

Па-трэцяе, для ўсіх дзяржаўных службовых асоб Ватыкана і, адпаведна, Рымскай курыі, а таксама для дыпламатычнага персаналу Апостальскіх нунцыятур уводзіцца абавязак паведамляць судовым органам Ватыкана пра выпадкі злоўжыванняў, пра якія ім стала вядома пры любых умовах, акрамя сакрамэнту споведзі. Невыкананне гэтага патрабавання будзе карацца.

Яшчэ адным новаўвядзеннем з’яўляецца стварэнне пры Ватыканскай дырэкцыі гігіены і аховы здароўя Службы суправаджэння для ахвяр злоўжыванняў на чале з кваліфікаваным экспертам.

Нарэшце, асобнае палажэнне датычыць адбору і працаўладкавання персаналу Губернатарату і Рымскай курыі: неабходна пераканацца, што кандыдат здольны ўзаемадзейнічаць з непаўналетнімі.

У сваю чаргу Пастырскае кіраўніцтва для Вікарыяту Ватыкана адрасавана святарам, дыяканам і выхавацелям установы перадсемінарыйнай падрыхтоўкі імя св. Пія X (Preseminario San Pio X), канонікам, пробашчам і супрацоўнікам дзвюх наяўных у Ватыкане парафій, рэлігійным асобам, якія пражываюць у Ватыкане, а таксама “ўсім, хто працуе ў любым статусе, індывідуальна або сумесна, у рэлігійнай супольнасці Вікарыяту Ватыкана”. У дакуменце ўдакладняецца, што гэтыя асобы павінны быць навідавоку, калі знаходзяцца ў прысутнасці непаўналетніх, і ім забараняецца ўстанаўліваць прывілеяваныя стасункі з асобным дзіцём, зняважліва ставіцца да яго або неналежна паводзіць сябе з ім ці рабіць намёкі сексуальнага характару, прасіць дзіця захоўваць тайну, фатаграфаваць яго без пісьмовага дазволу на гэта яго бацькоў”. Пералік патрабаванняў шырокі.

Ад гэтага часу Вікарыят Ватыкана абавязаны паведамляць Прамотару справядлівасці пра кожную вестку адносна злоўжыванняў, з мэтай перасцярогі адхіляючы ад пастырскай дзейнасці магчымага віноўніка злачынства. Прызнаны вінаватым у злоўжыванні будзе звольнены з пасады ў Ватыкане. Калі гаворка ідзе пра святара, да яго будуць таксама прымяняцца дзейсныя кананічныя нормы.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 сакавіка 2019, 13:24