Пошук

Лагатыпы візітаў Папы ў Балгарыю і Паўночную Македонію Лагатыпы візітаў Папы ў Балгарыю і Паўночную Македонію 

Візіт Папы ў Балгарыю і Паўночную Македонію – афіцыйная праграма

У экуменічным і міжрэлігійным ключы пройдзе Апостальскае падарожжа Францішка ў Балгарыю і Паўночную Македонію. 7 сакавіка 2019 г. у Ватыкане была апублікавана праграма майскага візіту.

У нядзелю, 5 мая самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў аэрапорце Сафіі. У балгарскай сталіцы яго будуць чакаць сустрэчы з Прэм’ерам і Прэзідэнтам, палітычным істэблішментам і дыпкорпусам. Таксама ў першы дзень візіту Папа наведае Патрыярха Балгарскага Неафіта ў яго рэзідэнцыі, памоліцца ў праваслаўнай катэдры. На плошчы Аляксандра Неўскага Францішак узначаліць малітву “Regina coeli”, а затым адправіць св. Імшу на плошчы Князя Аляксандра І.

Другі дзень прабывання ў Балгарыі распачнецца для Пантыфіка з наведвання лагеру для ўцекачоў. Затым ён адправіцца ў Ракаўскі, дзе ўзначаліць св. Імшу з удзелам дзяцей, якія нядаўна прынялі Першую св. Камунію. У горадзе на поўдні Балгарыі адбудзецца размова Францішка з мясцовым епіскапатам, якая пройдзе за абедам, і сустрэча з мясцовай каталіцкай супольнасцю.

Пасля вяртання ў Сафію, 6 мая вечарам, на плошчы Незалежнасці, Папа ўзначаліць Малітву за мір з удзелам прадстаўнікоў шматлікіх канфесій.

7 мая Святы Айцец правядзе ў Скоп’е. Адразу пасля прылёту з Сафіі яго чакаюць сустрэчы з паўночнамакедонскімі Прэзідэнтам і Прэм’ерам, палітыкамі і дыпламатамі. Затым Папа наведае Мемарыял Маці Тэрэзы – тут яго будуць чакаць прадстаўнікі канфесій і рэлігій, – і сустрэнецца з беднымі. На плошчы Македоніі ён узначаліць св. Імшу, пасля якой правядзе дзве сустрэчы: з маладымі прадстаўнікамі канфесій і рэлігій, а таксама з духавенствам.

Візіт у Балгарыю пройдзе пад дэвізам: “Мір на зямлі”, у Паўночную Македонію: “Не бойся, малы статак”.

07 сакавіка 2019, 15:18