Пошук

Папа падчас св. Імшы ў Марока Папа падчас св. Імшы ў Марока 

Пантыфік да вернікаў Марока: пашырайце культуру міласэрнасці

Нянавісць, падзелы і помста забіваюць душу народа, атручваюць надзею дзяцей, разбураюць усё тое, што любім. Таму Езус запрашае нас да сузірання сэрца міласэрнага Айца, перакананы Францішак.

31 сакавіка 2019 г. у другой палове дня Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю з удзелам вернікаў Марока. Літургія адбылася ў спартыўным комплексе Мулая Абдулы ў Рабаце.

Падчас св. Імшы Францішак прамовіў гамілію, засяродзіўшыся на прыпавесці пра марнатраўнага сына з нядзельнага Евангельскага ўрыўка (Лк 15, 1-3. 11-32). Папа паглядзеў на добра вядомую гісторыю з менш распаўсюджанай перспектывы – праз вобраз старэйшага сына. Без яго, заўважыў Францішак, радасць Айца па прычыне вяртання малодшага сына “была б няпоўнай”.

Сваім нежаданнем удзельнічаць у святкаванні старэйшы сын не прызнае не толькі свайго брата, але і Айца, “аддае перавагу сіроцтву замест братэрства, адасабленню замест сустрэчы, крыўдзе замест радасці”, заўважыў Пантыфік.

На думку Францішка, у сцэне, што развярнулася на парозе таго дому, “выяўляецца таямніца нашага чалавецтва”: з аднаго боку – свята, з другога – “пачуццё здрады і абурэння”; з аднаго боку – “гасціннасць у адносінах да таго, хто зведаў галечу і боль”, з другога – “раздражненне і гнеў з-за прадстаўлення месца таму, хто не быў годным і не заслугоўваў такіх абдымкаў”.

“Узнікаюць рознагалоссі і сутыкненні, агрэсіўнасць і канфлікты, якія заўсёды будуць удараць у дзверы нашых вялікіх жаданняў, нашай барацьбы за братэрства і за тое, каб кожная асоба магла ўжо цяпер зведаць стан і годнасць сына”, - сказаў Святы Айцец.

Аднак разам з тым на парозе таго дому ззяе жаданне Айца: “каб усе Яго дзеці бралі ўдзел у Яго радасці”, працягнуў Папа.

Кажучы старэйшаму сыну “ўсё маё – тваё” (Лк 15, 31), Айцец мае на ўвазе не толькі матэрыяльныя рэчы, але таксама сваю любоў і спагаду, і ў гэтым – найвялікшая спадчына і багацце хрысціяніна, патлумачыў Францішак.

Яшчэ адным назіраннем Пантыфіка стала тое, што прыпавесць засталася з адкрытай канцоўкай: Апостал Лука не кажа, ці далучыўся старэйшы сын да святкавання.

“Можам дапусціць, што гэтая адкрытая канцоўка мае на мэце, каб кожная супольнасць, кожны з нас мог дапісаць яе сваім жыццём, сваім позіркам і стаўленнем да іншых. Хрысціянін ведае, што ў доме Айца шмат святліц і звонку застаюцца толькі тыя, хто не жадае браць удзел у Яго радасці”, - зазначыў Пантыфік.

Папа падзякаваў хрысціянам Марока за сведчанне Евангелля міласэрнасці, якое даюць на гэтых землях, і заахвоціў іх спрыяць далейшаму росту “культуры міласэрнасці”, у якой “ніхто б не глядзеў на іншага з абыякавасцю і не адводзіў убок позірк, калі бачыць яго пакуты”. “Працягвайце быць знакам абдымкаў і сэрца Айца”, - пажадаў Францішак.

Святая Імша стала заключным момантам прабывання Святога Айца ў Марока. Пасля літургіі Папа накіруецца ў міжнародны аэрапорт Рабата, адкуль вылеціць у Рым. Чакаецца, што ў рымскім аэрапорце “Чампіна” самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца каля 21.30 па сярэднееўрапейскім часе.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 сакавіка 2019, 16:18