Пошук

Падчас сустрэчы Францішка з Вірджыніяй Раджы ў Ватыкане Падчас сустрэчы Францішка з Вірджыніяй Раджы ў Ватыкане 

Папа ўпершыню наведае муніцыпалітэт Рыма

Францішак упершыню наведае муніцыпалітэт Рыма. 26 сакавіка 2019 г., падчас двухгадзіннага візіту запланавана яго выступленне перад уладамі Вечнага горада, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Таксама Папа звернецца з кароткай прамовай да жыхароў горада і супрацоўнікаў гарадской адміністрацыі і членаў іх сем’яў, пакіне запіс у Залатой кнізе Рыма.

Згодна з апублікаванай праграмай, Пантыфік пачне свой візіт у Квірынальскім палацы ў 10.30 размовай за зачыненымі дзвярыма з мэрам Рыма Вірджыніяй Раджы. Пасля яе завяршэння прывітае намесніка мэра, старшыню гарадскога савета і кіраўніцтва адміністрацыі горада. Францішак падорыць ім кнігу “Ripensare il futuro” (Пераасэнсаваць будучыню), якая ўтрымлівае яго прамовы на тэму Еўропы.

Затым Пантыфік прывітае гарадскіх дарадцаў і старшынь муніцыпальных органаў улады 15 раёнаў Рыма, пасля чаго выступіць з прамовай да ўладаў Вечнага горада. У канцы мэр Раджы афіцыйна абвесціць новую стыпендыяльную праграму і надасць Зале памяці ў Капітоліі назву “Laudato si” – ад энцыклікі Францішка, якая выйшла ў 2015 г.

У поўдзень, з лоджыі Палацу Сенатараў на Капіталійскім узгорку, Папа прывітае жыхароў Рыма, пасля чаго ў адной з залаў звернецца да адміністрацыйных работнікаў і іх сем’яў. Вяртанне ў Ватыкан запланавана на 12.30.

Францішак стане чацвёртым Пантыфікам, які наведае рымскі муніцыпалітэт. Першы здзейсніў у 1966 г. св. Павел VI. Наступным стаў св. Ян Павел ІІ, які быў тут у 1998 г. Бэнэдыкта XVI віталі на Капітоліі ў 2009 г.

40-гадовая Вірджынія Раджы з’яўляецца першай жанчынай мэрам Рыма. Яна неаднаразова сустракалася з Францішкам у Ватыкане і падчас цырымоніі ў горадзе. З’яўляецца членам “Руху Пяці Зорак” (Movimento 5 Stelle).

Навіна ў фармаце аўдыё
20 сакавіка 2019, 11:03