Святы Айцец: вада не можа лічыцца проста таварам
Пантыфік нагадаў, што вада – гэта асноватворны рэсурс для раўнавагі экасістэм і выжывання чалавецтва, таму неабходна клапаціцца пра яе і распараджацца ёй такім чынам, каб пазбягаць яе забруджвання і марнавання.
Францішак заклікаў пакласці канец сітуацыі, у выніку якой насельніцтва многіх рэгіёнаў планеты, дзе распаўсюджваецца засушлівасць, усё больш і больш пакутуе ад недахопу крыніц вады, прыдатнай для спажывання. На яго думку, трэба прыкладаць сумесныя намаганні, накіраваныя на пошук супольнага дабра, а таксама бачыць “канкрэтныя абліччы” людзей: толькі так, меры, якія прымаюцца, змогуць стаць эфектыўнымі, а несправядлівасць будзе выпраўлена.
Паводле Папы, трэба не проста клапаціцца пра стан гідрасістэм, але таксама інвеставаць у будучыню праз выхаванне ў новых пакаленнях умення ашчадна карыстацца вадой. Фарміраванне клапатлівага падыходу да вады павінна стаць прыярытэтам у свеце, дзе ўсё выкідаецца і абясцэньваецца, і дзе, вельмі часта, адсутнічае ўсведамленне каштоўнасці зямных рэсурсаў.
“Неабходна працягваць распрацоўваць праграмы фінансавання, а таксама дальнабачныя праекты водазабеспячэння. Гэта рашучасць дапаможа пераадолець падыход, калі вада лічыцца проста таварам, што рэгулюецца выключна законамі рынку”, - падкрэсліў Святы Айцец у сваім пасланні на Сусветны дзень вады.