Пантыфік да святароў: мы былі намашчаныя, каб намашчаць
У гаміліі, натхнёнай урыўкам з Евангелля паводле св. Лукі (Лк 4, 16-21), Святы Айцец акрэсліў благаслаўленні, якія сыходзяць на людскі натоўп, што ідзе за Езусам, і назваў канкрэтныя катэгорыі людзей, якім Божы Сын аддае перавагу ў сваім святым намашчэнні.
Францішак заўважыў, што Пан ніколі не губляў прамога кантакту з людзьмі, якія “шукалі” Яго (Лк 4, 42), “ішлі” за Ім (Лк 14, 25), “ціснуліся” і “тоўпіліся” вакол Яго (Лк 8, 42-45) і ў вялікім мностве “сыходзіліся, каб слухаць Яго” (Лк 5, 15). “Гэтае следаванне людзей большае за любыя разлікі; гэта следаванне без умоўнасцей, поўнае замілавання”, супрацьлеглае дробязнасці Хрыстовых вучняў, якія, бачачы галодны натоўп, просяць Езуса адпусціць людзей, каб пайшлі і купілі сабе паесці.
, - звярнуў увагу Францішак.
Ідучы за Езусам, натоўпы атрымлівалі і іншую ласку – захапленне, поўнае радасці. Людзі захапляліся цудамі, якія чыніў Хрыстус, але найперш самой Яго асобай. Езус жа, у сваю чаргу, быў у захапленні ад веры людзей і ніколі не губляў магчымасці адзначыць гэта, падкрэсліў Папа.
Нарэшце, слухаючы вучэнне Езуса, людзі ўзрасталі ў разважлівасці, бо Ён вучыў “як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі” (Мц 7, 29).
З Евангелля паводле Лукі становіцца зразумелым, каму Езус аддаваў перавагу ў сваім намашчэнні: убогім, палонным, сляпым і прыгнечаным (пар. Лк 4, 18). Па словах Францішка, у Святым Пісанні кожная з гэтых катэгорый людзей увасоблена ў канкрэтных вобразах.
Убогай была ўдава, якая кінула ў скарбонку дзве манеты – “увесь свой пражытак” (Мк 12, 44). Сляпым быў жабрак па імені Бартымэй, якому Езус вярнуў зрок і які з таго часу меў вочы толькі для таго, каб ісці за Панам (Мк 10, 46-52). Найбольш яскравай алегорыяй на прыгнечаных Папа назваў прыпавесць пра Добрага Самараніна, а на фрагмент Евангелля пра збурэнне войскамі Ерузалема (Лк, 21, 24) спаслаўся, каб патлумачыць, пра якіх палонных ідзе гаворка. І, хоць сёння ваенны палон пагражае гарадам у значна меншай ступені, узрасла рызыка трапіць у палон ідэалагічнай каланізацыі, перасцярог Пантыфік.
Усе гэтыя катэгорыі людзей “завяршаюць і робяць рэальным намашчэнне Духам Святым у нас”, - звярнуўся Францішак да прысутных святароў.
“Мы, святары, – гэта ўбогія, і хочам мець сэрца ўбогай удавы, калі даём міласціну, дакранаемся да рукі жабрака і глядзім яму ў вочы. Мы, святары, – гэта Бартымэй, і кожную раніцу ўстаём на малітву, просячы: “Пане, каб я зноў бачыў” (Лк 18, 41). Мы, святары, у пэўнай ступені нашых грахоў, з’яўляемся тым параненым, які быў амаль да смерці збіты разбойнікамі. І мы першыя хочам апынуцца ў спагадлівых руках Добрага Самараніна, каб потым сваімі рукамі праяўляць спагадлівасць да іншых”, - сказаў Пантыфік.
“Мы былі намашчаныя, каб намашчаць. Намашчаем, раздаючы саміх сябе, сваё пакліканне і сэрца. Калі намашчаем, аказваемся самі нанова намашчанымі верай і замілаванасцю нашым народам. (…) Хто вучыцца намашчаць і благаслаўляць, вылечваецца ад дробязнасці, злоўжыванняў і жорсткасці”, - сцвердзіў Святы Айцец.