Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Папа падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 

Папа на агульнай аўдыенцыі: праслаўленне Бога – жыццё ў любові

Мы праслаўляем Нябеснага Айца, калі пражываем кожны дзень і кожную справу з любоўю, падкрэсліў Францішак 17 красавіка 2019 г., падчас агульнай аўдыенцыі.

У вігілію Пасхальнага Трыдуума Пантыфік прапанаваў засяродзіцца на малітвах, з якімі напярэдадні і падчас Крыжовай мукі і смерці Езус звяртаўся да Нябеснага Айца.

Пасля Апошняй Вячэры Езус узняў вочы да неба і сказаў: “Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго (...). Услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету (Ян 17, 1.5). “Пра якую хвалу ідзе гаворка?” - задаўся пытаннем Папа.

“Хвала ў Бібліі азначае Божае аб’яўленне, гэта распазнавальны знак Яго збаўчай прысутнасці сярод людзей. Езус – гэта Той, хто рашуча дэманструе Божую прысутнасць і збаўленне. І робіць гэта падчас Пасхі: Ён быў услаўлены, калі быў узняты над зямлёю (пар. Ян 12, 23-33). Нарэшце Бог аб’яўляе сваю хвалу: скідае апошняе покрыва і выклікае нашае захапленне, як ніколі раней. Мы нарэшце адкрываем, што Божая хвала – гэта любоў: чыстая любоў, неспасціжная і няўяўная, якая перасягае любыя межы і памеры”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў прысутных вернікаў пераймаць гэтую малітву Езуса: прасіць Айца, каб скінуў покрыва з нашых вачэй, каб у гэтыя дні, углядаючыся ў крыж, мы маглі прыняць той факт, што Бог з’яўляецца любоўю. Святы Айцец заўважыў, што вельмі часта мы ўяўляем Бога гаспадаром ці строгім суддзёй, а не Айцом і міласэрным Збаўцам, хоць падчас Пасхі Ён аб’явіў Сябе “ў пакорлівасці любові, якая патрабуе нашай любові”.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

“Такім чынам, мы аддаём хвалу, калі пражываем усё тое, што робім, з любоўю, калі кожную рэч робім ад сэрца, нібы робім для Яго (пар Кар 3, 17). Сапраўдная хвала – гэта хвала любові, бо толькі яна дае жыццё свету. Канешне, такая хвала – супрацьлеглая хвале гэтага свету, што праяўляецца, калі намі захапляюцца, нас праслаўляюць, нам апладзіруюць: калі я – у цэнтры ўвагі. Божая ж хвала – парадаксальная: ніякіх апладысментаў, ніякай публічнасці. У цэнтры не я, але іншы: падчас Пасхі бачым, што Айцец услаўляе Сына, у той час як Сын услаўляе Айца. Ніхто не славіць сам сябе”, - адзначыў Папа.

Молячыся ў Аліўным садзе, Езус, ахоплены “страхам і трывогай”, звярнуўся да Айца “найбольш пяшчотным і салодкім”, на думку Францішка, словам: “Абба”, што значыць Тата (Мк, 14, 36). Тым самым Езус вучыць, што ў моманты жыццёвых выпрабаванняў трэба звяртацца да Нябеснага Айца, у малітве шукаць суцяшэнне, моц і разуменне таго, што мы не самотныя.

Пантыфік запэўніў, што адзінота не прапануе шляхоў выйсця; іх трэба шукаць у малітве, “бо гэта стасункі, гэта давер”. Таму, калі ўваходзім “у свой Аліўны сад”, мы павінны звяртацца за падтрымкай і суцяшэннем да Айца.

Нарэшце, працягнуў Францішак, падчас укрыжавання Езус просіць Айца за нас: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34). На піке болю дасягае сваёй кульмінацыі любоў: прыходзіць прабачэнне – адзіны дар, здольны разарваць замкнёнае кола зла.

“У гэтыя дні падчас малітвы “Ойча наш” можам прасіць аб адной з гэтых ласкаў: пражываць нашыя дні на хвалу Бога, іншымі словамі, жыць з любоўю, умець даручаць сябе Айцу падчас выпрабаванняў і казаць Яму: “Тата”, знаходзіць у сустрэчы з Айцом прабачэнне і мужнасць прабачыць”, - заахвоціў Францішак. Ён запэўніў, што абедзве гэтыя рэчы спалучаны: Айцец прабачае нам і адначасова дае мужнасць, каб і мы маглі прабачаць адно аднаму.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 красавіка 2019, 13:06