Пошук

Папа падчас малітвы "Уладарка неба" Папа падчас малітвы "Уладарка неба" 

Папа перад “Уладарка неба” пра Хрыстовыя спакой, радасць і місію

Адкрыць сэрцы да спакою, радасці, апостальскай місіі, якія вынікаюць з ран Езуса, заклікаў Святы Айцец вернікаў 28 красавіка 2019 г. у Ватыкане перад малітвай “Уладарка неба”.

Прапануем поўны тэкст медытацыі Францішка:

“Сённяшняе Евангелле (Ян 20,19-31) кажа нам, што ў дзень Пасхі ўвечары Езус з’явіўся сваім вучням у Вячэрніку, прыносячы ім тры дары: спакой, радасць, апостальскую місію.

Першыя словы, якія ён прамаўляе: “Спакой вам!” (Ян 20, 21). Уваскрослы Пан прыносіць сапраўдны мір, таму што праз сваю ахвяру на крыжы здзяйсняе прымірэнне паміж Богам і чалавецтвам і перамагае грэх і смерць – а гэта і ёсць спакой. Яго вучні першымі мелі патрэбу ў гэтым спакоі, паколькі пасля захопу і смерці Настаўніка ўпалі ў разгубленасць і страх. Езус стаіць сярод іх жывы і паказвае свае раны – Ён вырашыў захаваць іх. Дэманструючы свае слаўныя раны на целе, дае спакой, як плод перамогі. Але ў той вечар не прысутнічаў апостал Тамаш. Паінфармаваны аб гэтай незвычайнай падзеі, не давяраючы сведчанню іншых апосталаў, патрабуе асабістай праверкі дакладнасці таго, што яны сцвярджаюць.

Праз восем дзён, гэтак жа, як сёння, адбываецца новае аб’яўленне: Езус прыходзіць на сустрэчу з недаверам Тамаша, запрашаючы яго дакрануцца да сваіх ран. Яны з’яўляюцца крыніцай спакою, знакам вялікай любові Езуса, Які перамог сілы, варожыя чалавеку: грэх, зло і смерць. Ён заклікае дакрануцца да сваіх ран. Гэта ўрок для нас. Езус хацеў бы сказаць кожнаму з нас: калі ты хвалюешся, дакраніся да маіх ран. 

“[Дакрануцца да ран Езуса, якімі з’яўляюцца шматлікія праблемы, цяжкасці, ганенні, хваробы многіх людзей, якія пакутуюць. Калі хвалюешся, ідзі і наведай некага, хто з’яўляецца сімвалам ран Езуса!]”

Дакраніся да ран Езуса! З іх выцякае міласэрнасць. Менавіта таму мы сёння адзначаем Нядзелю Міласэрнасці. Адзін святы сказаў, што цела ўкрыжаванага Хрыста – гэта безліч міласэрнасці, якая праз раны дасягае кожнага з нас. Мы ўсе маем патрэбу ў міласэрнасці, і ведаем аб гэтым. Давайце наблізімся да Езуса і дакранёмся да Яго ран у нашых братах, якія пакутуюць. Раны Езуса з’яўляюцца скарбам, з іх выцякае міласэрнасць. Будзем адважнымі і дакранёмся да ран Езуса! З гэтымі ранамі Ён стаіць перад Айцом і паказвае іх Яму, як быццам бы кажучы: Ойча, гэтыя раны з’яўляюцца цаной, якую я заплаціў за маіх братоў. Гэта значыць, што сваімі ранамі Езус хадайнічае за нас перад Айцом. Сведчыць нам міласэрнасць, калі падыходзім да Яго, і хадайнічае за нас. Не будзем забывацца пра раны Езуса!

Яшчэ адным дарам, які ўваскрослы Езус прыносіць вучням, з’яўляецца радасць. Евангеліст піша, што “ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Пана” (Ян 20, 20). У фрагменце Евангелля св. Лукі таксама гаворыцца, што “ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся” (Лк 24,41). Таксама і мы, калі, магчыма, сустракалі нешта неверагоднае і цудоўнае, хацелася сказаць: я не магу паверыць, гэта не можа быць праўдай. Таксама і вучні не маглі паверыць у гэта па прычыне радасці. Гэта тая радасць, якую прыносіць нам Езус. 

“[Калі табе сумна і трывожна, паглядзі на Езуса ўкрыжаванага і Езуса ўваскрослага. Паглядзі на Яго раны і ў іх знайдзі радасць.]”

У дадатку да міру і радасці, Езус дае вучням заданне. Ён кажа ім: “Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас” (Ян 20, 21). Уваскрасенне Езуса з’яўляецца пачаткам новай дынамікі любові, здольнай пераўтварыць свет сілай Духа Святога.

У гэтую Другую Велікодную Нядзелю мы запрошаны наблізіцца да Хрыста з верай, адкрываючы нашыя сэрцы да спакою, радасці і місіі. Давайце не будзем забывацца пра раны Езуса, з якіх цячэ спакой, радасць і сіла місіі. Даверым гэтую малітву матчынаму заступніцтву Панны Марыі, Каралевы неба і зямлі”.

Пасля марыйнай малітвы Папа ўдзяліў усім вернікам сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 красавіка 2019, 14:01