Пошук

Папа падчас візіту ў цэнтр "Villaggio Emanuele" Папа падчас візіту ў цэнтр "Villaggio Emanuele" 

Папа сустрэўся з асобамі, якія пакутуюць ад хваробы Альцгеймера

Папа працягвае традыцыю “Пятніц міласэрнасці”, ініцыяваную ў Юбілейны Год Міласэрнасці. 12 красавіка 2019 г. ён наведаў рымскі цэнтр “Villaggio Emanuele”, у якім пражываюць асобы з хваробай Альцгеймера.

Гаворка ідзе пра адзіную такога роду ўстанову ў Італіі. Яна працуе па прынцыпе гарадка. Пацыенты жывуць у чатырнаццаці дамах, кожны з якіх разлічаны на шэсць чалавек. На тэрыторыі ёсць плошча з фантанам, крама, кафэ, рэстаран, клініка, рэабілітацыйныя пакоі і нават салон прыгажосці. Францішак размаўляў з пацыентам, падтрымліваючы і суцяшаючы іх.

Святога Айца суправаджаў прафесар Эмануэле Франчэска Марыя Эмануэль – заснавальнік установы. Наватарская ініцыятыва нарадзілася з перакананасці, што хвароба Альцгеймера становіцца ўсё больш і больш сацыяльнай праблемай і патрабуе распрацоўкі такой мадэлі дапамогі, якая, разам з медыцынскім даглядам, забяспечыць хворым нармальнае жыццё. Цэнтр не з’яўляецца закрытай структурай, што дазваляе яго падапечным узаемадзейнічаць з грамадствам.

Рэпартаж аб візіце Папы ў цэнтр "Villaggio Emanuele"

Наведваючы “Горад Эмануэля”, Францішак хацеў звярнуць увагу на сітуацыю ізаляванасці і самотнасці, якую выклікае хвароба Альцгеймера. Хворыя часта пакідаюцца грамадствам сам на сам са сваім лёсам, а іх сваякі ў адзіноце перажываюць цяжкасці і пакуты, звязаныя з хваробай блізкай асобы.

Нечаканы візіт працягваўся каля гадзіны. Святы Айцец пакінуў у дар цэнтру абраз з выявай Божага Нараджэння, а таксама зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 красавіка 2019, 10:42