Пошук

Папа падчас Пасхальнай Вігіліі Папа падчас Пасхальнай Вігіліі 

Пасхальная Вігілія з Папам: Вялікдзень – адсунуць камяні

“Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?” (Лк 24, 5) – вось пытанне, якое “змяняе гісторыю”, перакананы папа Францішак.

Увечары 20 красавіка 2019 г. Пантыфік узначаліў урачыстую Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Каментуючы ў гаміліі ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі (Лк 24, 1-12), Святы Айцец засяродзіўся на вобразе жанчын, якія раніцай трэцяга дня пасля ўкрыжавання Езуса вырушылі да магілы, каб намасціць Яго цела.

Ведаючы, што магіла завалена цяжкім каменем, яны ішлі з пэўным пачуццём марнасці, безнадзейнасці і недаверу, аднак, прыйшоўшы, знайшлі пустую магілу з адсунутым ад яе каменем і пачулі нечаканае для іх пытанне: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?” (Лк 24, 5). Францішак выказаў думку, што часта і наш шлях веры бывае чымсьці вельмі падобным.

“Чаму думаеце, што ўсё марна, што ніхто не можа адсунуць вашыя камяні? Чаму паддаецеся расчараванню і ўпадку? Вялікдзень – гэта свята адсоўвання камянёў. Бог адсоўвае найбольш цяжкія камяні – смерць, грэх, страх, свецкасць, – аб якія разбіваюцца надзеі і чаканні. Гісторыя чалавецтва не заканчваецца перад надмагільным каменем, таму што сёння яна выяўляе “жывы камень” (пар. 1 П 2, 4): уваскрослага Езуса”, - сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, надзеі часта перагароджвае шлях камень недаверу: “Калі дапускаецца ідэя, што ўсё дрэнна і што горшаму няма канца, расчараваныя, мы пачынаем верыць, што смерць мацнейшая за жыццё, і становімся цынічнымі і кплівымі, носьбітамі нездаровай тугі. Камень за каменем будуем у сабе помнік незадаволенасці, магілу надзеі”.

Але Пана няма ў расчараванні, запэўніў Францішак і дадаў, што не трэба шукаць Яго там, дзе ніколі не знойдзем: Ён – Бог жывых, а не мёртвых (пар. Мц 22, 32).

Другім каменем, які, па словах Папы, часта запячатвае сэрца, з’яўляецца грэх. “Грэх спакушае, абяцае лёгкія і гатовыя рэчы, дабрабыт і поспех, але потым пакідае ўнутры самоту і смерць. Грэх – у шуканні жыцця сярод мёртвых, сэнсу жыцця – у мінучых рэчах”, - перасцярог Пантыфік.

Рэпартаж з базылікі св. Пятра

Праводзячы паралель з жанчынамі, якія, убачыўшы ля магілы Пана двух мужоў у бліскучым адзенні, напалоханыя, “схілілі твары свае да зямлі” (Лк 24, 5), Францішак заўважыў, што часта мы паводзім сябе падобным чынам: “лічым за лепшае затаіцца ў сваіх абмежаванасцях, схавацца ў сваіх страхах, (…), таму што ў замкнёнасці і самоце мы з’яўляемся галоўнымі дзеючымі асобамі, таму што прасцей заставацца адным у цёмных пакоях сэрца, чым адкрыцца Пану”.

Аднак толькі Езус узвышае, толькі Ён заклікае нас адрадзіцца ў адказ на Яго Слова, глядзець уверх і верыць, што мы створаныя для неба – не для зямлі.

“Езус – спецыяліст па ператварэнні нашых смерцяў у жыццё, нашых нараканняў – у танец” (пар. Пс 30, 12): з Ім можам і мы здзейсніць Пасху, што значыць пераход: пераход ад замкнёнасці да супольнасці, ад роспачы да суцяшэння, ад страху да даверу”, - сказаў Папа і заахвоціў вернікаў глядзець на ўваскрослага Езуса – Яго позірк дае надзею, бо кажа, што нас заўсёды любяць і гэтая любоў ніколі не мінае.

“Адвядзём жа Таму, які жыве, цэнтральнае месца ў жыцці. Будзем прасіць аб ласцы недапушчэння, каб нас нясло цячэннем, морам праблем; каб разбіваліся аб камяні граху і рыфы недаверу і страху. Шукайма Яго ва ўсім і перш за ўсё. З Ім мы ўваскрэснем”, - заклікаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 красавіка 2019, 08:19