Святы Пасад пра сувязь паміж абаронай жыцця, сям’ёй і развіццём
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у пасяджэнні, якое прайшло ў Нью-Ёрку ў рамках 52-й сесіі Камісіі па народанасельніцтве і развіцці, прысвечаным аналізу праграмы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця да 2030 г.
Нунцый заўважыў, што важнай вяхой для інтэгральнага развіцця чалавека стала Міжнародная канферэнцыя па народанасельніцтве і развіцці, якая адбылася 25 гадоў таму – у 1994 г. у Каіры. На ёй упершыню была падкрэслена “шчыльная сувязь паміж насельніцтвам і развіццём”. Сям’я, заснаваная на сужэнстве, была прызнана “фундаментальнай” ячэйкай грамадства, якая патрабуе падтрымкі і абароны. Быў дадзены моцны імпульс “паляпшэнню” статусу жанчын, абароне іх здароўя і ўдзелу ў развіцці.
Паводле ватыканскага дыпламата, распаўсюджаная сёння тэндэнцыя, лічыць, што абарона рэпрадуктыўнага здароўя ўключае ў сябе права на аборт, відавочна супярэчыць духу Каірскай канферэнцыі, кідае “маральны і прававы” выклік стандартам нацыянальнага заканадаўства краін і вядзе да падзелу сіл, што імкнуцца адказваць на “рэальныя праблемы маці і дзяцей, асабліва тых, якія яшчэ не нарадзіліся”.
Дзяржавы і іх грамадства павінны лічыць падтрымку інстытута сям’і сваёй галоўнай мэтай, дапамагаючы сем’ям у выхаванні дзяцей і ў клопаце пра пажылых, такім чынам умацоўваючы адносіны паміж пакаленнямі.
Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на сувязь паміж міграцыяй і развіццём, асабліва актуальную ў наш час. Без вырашэння праблемы мігрантаў не можна адказаць на выклікі сферы народанасельніцтва і развіцця, падкрэсліў ён.