Пошук

Папа падчас абраду абмыцця ног у турме Вэлетры Папа падчас абраду абмыцця ног у турме Вэлетры 

Вялікі Чацвер: Папа маліўся са зняволенымі італьянскай турмы

У Вялікі чацвер папа Папа ўзначаліў Імшу Вячэры Пана ў італьянскай турме ў Вэлетры. Ужо пяты год запар у першы дзень Пасхальнага Трыдуума Святы Айцец наведвае зняволеных і моліцца разам з імі.

18 красавіка 2019 г., у другой палове дня, Пантыфік прыбыў у турму горада Вэлетры, недалёка ад Рыма, дзе яго прывітала кіраўніцтва ўстановы. Літургіі папярэднічала кароткая сустрэча Пантыфіка з грамадзянскімі супрацоўнікамі турмы, агентамі пенітэнцыярнай паліцыі і самімі зняволенымі.

У 17. 00 распачалося набажэнства, падчас якога Францішак звярнуўся да яго ўдзельнікаў з гаміліяй.

У сваім кароткім і спантанным разважанні Пантыфік засяродзіўся на змесце ўрыўка з Евангелля св. Яна (Ян 13, 1-15), у якім апавядаецца, як Езус абмыў ногі сваім вучням. Папа нагадаў, што гэта “жэст у тыя часы рабілі нявольнікі”.

“[Той, які меў усю ўладу, які быў Панам, робіць жэст нявольніка. І потым заахвочвае ўсіх: “Рабіце і вы гэты жэст адзін аднаму”. Іншымі словамі, служыце адзін аднаму, будзьце братамі ў служэнні, а не ў амбіцыях, як бывае, калі адзін пануе над другім або калі адзін зневажае другога. Не! Будзьце братамі ў служэнні]”

, - заклікаў Францішак.

Братэрства – пакорлівае, яно – у служэнні, паўтарыў Святы Айцец і нагадаў выпадак, апісаны ў Евангеллі, калі, адказваючы на пытанне апосталаў адносна таго, каго лічыць важнейшым, Езус указаў ім на дзіцё. Не можа наследаваць Хрыста той, хто не мае сэрца, як у дзіцяці, – простага і схільнага да служэння, пераканаўча сцвердзіў Папа.

Пасля гаміліі Францішак здзейсніў сімвалічны абрад абмыцця ног дванаццаці зняволеным – дзевяці італьянцам, бразільцу, івуарыйцу і мараканцу. Пасля гэтага св. Імша працягнулася ў звычайным парадку. Падчас малітвы вернікаў прысутныя ўзгадалі, між іншым, зняволеных, якія адышлі ў вечнасць падчас прабывання ў турме.

На заканчэнне набажэнства дырэктар пенітэнцыярнай установы падзякавала Пантыфіку за візіт і сумесную малітву. Пасля кароткай цырымоніі развітання Францішак пакінуў турму і вярнуўся ў Ватыкан.

Папа ў Вялікі Чацвер з візітам у турме ў Вэлетры
Навіна ў фармаце аўдыё
19 красавіка 2019, 13:54