Пошук

Ілюстратыўнае фота Ілюстратыўнае фота 

Візіт Папы ў Балгарыю па слядах св. Яна ХХІІІ

Балгарыя стане другой пасля Грузіі праваслаўнай краінай, якую адведае Папа. На гэта звярнуў увагу біскуп Крыста Пройкаў, старшыня Міжабрадавай Канферэнцыі Біскупаў Балгарыі.

Напярэдадні падарожжа Святога Айца на Балканы, падчас якога 5-6 мая 2019 г. Францішак наведае Балгарыю і Паўночную Македонію, Апостальскі экзарх Сафіі і прадстаяцель Балгарскай Грэка-Каталіцкай Царквы даў вялікае інтэрв’ю польскаму выданню “Gość Niedzielny” і каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “Kai”.

Іерарх заўважыў, што апошнім Папам, які наведваў Балгарыю быў Ян Павел ІІ. Яго падарожжа праходзіла ў 2002 г. і з таго часу ўжо вырасла новае пакаленне вернікаў, якое ўпершыню будзе бачыць Святога Айца. Таму яны чакаюць гэтай падзеі з вялікім энтузіязмам.

Біскуп Пройкаў зазначыў, што візіту Пантыфіка ў Балгарыю будзе спадарожнічаць памяць пра св. Яна ХХІІІ, які на працягу дзесяці гадоў быў Апостальскім візітатарам у гэтай краіне. Калі епіскапат прапанаваў у якасці дэвізу падарожжа словы “Pacem in terris” (Мір на зямлі), якія з’яўляюцца назвай знакамітай энцыклікі Яна ХХІІІ, Францішак адразу пагадзіўся, распавёў біскуп Пройкаў.

На думку іерарха, гады прабывання Яна ХХІІІ у Балгарыі аказалі значны ўплыў на яго пантыфікат. “Менавіта тут нарадзілася ідэя экуменізма і вяртання хрысціян да еднасці, якая была згублена. Ян Павел ІІ таксама падкрэсліваў, што жадае ісці слядамі Яна ХХІІІ, калі наведваў нашу краіну”, - сказаў Апостальскі экзарх Сафіі.

Важнай тэмай падарожжа Францішка будзе мір. У Балгарыі перыяд камунізма завяршыўся без войнаў і канфліктаў, у адрозненні ад іншых балканскіх краін. Сёння яна працягвае скіроўваць заклік да міру, талерантнасці і супрацоўніцтва, а дзякуючы візіту Святога Айца, гэта пасланне можа быць пачута ва ўсім свеце, перакананы балгарскі іерарх.

Падрыхтоўка да візіту высокага госця вядзецца ўжо даўно. У першую чаргу яна мае духоўны харакар. Біскуп Пройкаў зазначыў, што пасля кожнай св. Імшы ва ўсіх каталіцкіх касцёлах у Балгарыі гучыць малітва ў інтэнцыі падарожжа Папы.

Епіскапат падрыхтаваў падарунак Францішку – абраз Маці Божай Брамы Нябеснай, які асаблівым чынам шанаваў Ян ХХІІІ. Падчас свайго служэння ў Балгарыі Джузэпэ Анджэла Ранкалі шмат падарожнічаў па краіне, а калі патрапіў у Месямврыю (сучасная назва Нясебыр), дзе захоўваецца арыгінал гэтай іконы, настолькі ўразіўся ёй, што нават папрасіў Пія ХІ, зрабіць яго тытулярным біскупам Месямврыйскім, бо гэты горад калісьці быў сталіцай дыяцэзіі.

Католікі складаюць 1% насельніцтва Балгарыі. Каля 10 тыс. – гэта вернікі ўсходняга абраду, і каля 50 тыс. – лацінскага. Францішак наведае тут два гарады – Сафію і Ракаўскі.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 красавіка 2019, 13:32