Пошук

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: маем надзею на канкрэтны вынік у дыялогу з Кітаем

Святы Пасад спадзяецца на канкрэтныя вынікі ў дыялогу з Кітайскай Народнай Рэспублікай, заўважыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю англамоўнаму кітайскаму выданню “Global Times”.

Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка зазначыў, што знакам добрага развіцця адносін з азіяцкай краінай з’яўляецца той факт, што велікодныя набажэнствы на ўсёй яе тэрыторыі сёлета прайшлі ў спакойнай абстаноўцы. Іншы прыклад – вялікая цікавасць да павільёна Апостальскай Сталіцы на Сусветнай выставе садаводства, якая праходзіць з 28 красавіка па 7 кастрычніка 2019 г. у Пекіне.

Кардынал Дзяржсакратар падкрэсліў, што пагадненне з КНР, падпісанае 22 верасня 2018 г., гэта вынік доўгага шляху, але таксама і пачатковая кропка ў супрацоўніцтве паміж бакамі. На яго думку, важным дасягненнем з’яўляецца добрае функцыянаванне камунікацыі паміж Апостальскай Сталіцай і Кітаем. Дыялог адбываецца з захаваннем тоеснасці кожнага з бакоў, дадаў іерарх.

“[Кітай і Святы Пасад не дыскутуюць адносна тэарэтычных аспектаў адпаведных сістэм і не жадаюць нанова адкрываць пытанні, якія ўжо належаць гісторыі. Мы шукаем практычныя рашэнні для жыцця канкрэтных людзей, якія жадаюць спакойна практыкаваць сваю веру і рабіць станоўчы ўклад у развіццё сваёй краіны]”

, - сказаў кардынал.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі з разуменнем ставіцца да крытыкі адносна дыялогу паміж Апостальскай Сталіцай і Кітаем, якая гучыць з розных бакоў. Ён падкрэсліў, што, вядома, не ўсе праблемы яшчэ былі вырашаны, але Святы Пасад шукае доўгатрывалыя рашэнні, якія будуць прымальныя для ўсіх.

“Вядома, іншая справа, гэта крытыка, якая грунтуецца на прадузятых пазіцыях і мэта, як здаецца, заключаецца толькі ў захаванні старой геапалітычнай раўнавагі. Для Францішка, які добра ведае пра тое, што адбывалася ў мінулыя часы, але таксама і зусім нядаўна, галоўнай мэтай у дыялогу, які трывае, з’яўляюцца душпастырскія пытанні. Ён мае вялікі давер і павагу да кітайскага народа з яго тысячагадовай гісторыяй, з надзеяй атрымаць таксама шчыры і добры адказ”, - распавёў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 мая 2019, 10:13