Пошук

1559298159268.jpg

Францішак да палітыкаў Румыніі: клапаціцеся пра душу народа

Спрыяць супрацоўніцтву паміж палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і духоўнымі сіламі краіны на карысць агульнага дабрабыту свайго народа заклікаў Папа кіруючыя колы Румыніі.

31 мая 2019 г., у першы дзень Апостальскага падарожжа ў Румынію, Святы Айцец правёў сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпкорпуса. Сустрэча адбылася ў Палацы Катрачэнь у Бухарэсце, які служыць рэзідэнцыяй Прэзідэнта Рэспублікі.

Пантыфік прызнаў, што за амаль трыццаць гадоў, якія мінулі з моманту звяржэння сацыялістычнага рэжыму ў Румыніі, краіна прыклала вялікія намаганні для ажыццяўлення “дэмакратычнага праекту праз плюралізм палітычных і сацыяльных сіл”, для “фундаментальнага прызнання рэлігійнай свабоды і поўнага ўключэння краіны ў больш шырокі міжнародны сцэнарый”.

Аднак побач са станоўчымі вынікамі непазбежна ўзнікаюць “цяжкасці, якія трэба пераадольваць”. Францішак узняў праблему міграцыі, якая закранула мільёны людзей; узгадаў феномен абязлюдзення шматлікіх вёсак, што пагражае аслабленнем “найбольш багатых культурных і духоўных каранёў, якія падтрымлівалі ў часы ліхалеццяў”.

“Каб вырашаць праблемы гэтага новага гістарычнага перыяду, каб вылучыць эфектыўныя рашэнні і знайсці сілы для іх ажыццяўлення, неабходна спрыяць росту супрацоўніцтва паміж палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і духоўнымі сіламі; трэба ісці разам з пераканаўчым намерам не адмаўляцца ад найбольш высакароднага паклікання, да якога павінна імкнуцца дзяржава: клапаціцца пра агульны дабрабыт свайго народа”, - заўважыў Папа.

“[Супольны шлях, як спосаб будавання гісторыі, патрабуе велікадушнасці адмаўлення ад чагосьці з уласнага бачання або ўласнага спецыфічнага інтарэсу на карысць больш шырокага плана, каб стварыць гармонію, што дазволіла б упэўнена рухацца наперад у кірунку супольнай мэты]”

, - працягнуў Пантыфік.

Толькі так, па словах Святога Айца, можна будаваць інклюзіўнае грамадства, дзе кожны, карыстаючыся ўласнымі талентамі і ведамі, праз якасную адукацыю і крэатыўную, салідарную працу, становіцца актыўным удзельнікам усеагульнага дабра; дзе да слабых, бедных і адчужаных ставяцца не як да нежаданых, але як да “грамадзян і братоў”.

Усё гэта, перакананы Францішак, павінна ўвасабляцца ў жыццё з сэрцам і душой, а не навязвацца “знешнімі меркаваннямі” або “ўладай магутных фінансавых цэнтраў”.

“Для гарманічнага ўстойлівага развіцця, для канкрэтнага залучэння салідарнасці і міласэрнасці, для мабілізацыі сацыяльных, грамадзянскіх і палітычных сіл у імкненні да ўсеагульнага дабра недастаткова пераглядаць эканамічныя тэорыі, не хопіць тэхналогій і прафесійных здольнасцей, хоць яны і неабходныя. Гаворка ідзе пра патрэбу развіваць, нароўні з матэрыяльнымі ўмовамі, душу вашага народа”, - сказаў Францішак.

У гэтым дзейсную дапамогу могуць аказаць хрысціянскія Цэрквы, у тым ліку Каталіцкі Касцёл. Ён хоча “зрабіць свой унёсак у пабудову грамадства, хоча быць знакам гармоніі, надзеі на адзінства, служыць на карысць чалавечай годнасці і ўсеагульнага дабра. Мае намер супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўладамі, іншымі Цэрквамі і з усімі людзьмі добрай волі, каб ісці разам і падпарадкоўваць уласныя таленты служэнню ўсёй супольнасці”, запэўніў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2019, 12:37