Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: любоў да бліжняга – аснова міжрэлігійнага дыялогу

Любоў да бліжняга – аснова міжрэлігійнага дыялогу, падкрэсліў Папа 9 мая 2019 г. у Ватыкане падчас сустрэчы з удзельнікамі канферэнцыі, прымеркаванай да 110-годдзя Папскага біблійнага інстытута.

Форум быў прысвечаны тэме: “Езус і фарысеі. Міждысцыплінарны падыход”. У ім прымалі ўдзел каталіцкія, пратэстанцкія і юдэйскія даследчыкі Святога Пісання з розных кантынентаў.

Францішак уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой звярнуў увагу на існаванне стэрэатыпаў адносна фарысеяў, пад якімі разумеюцца крывадушныя або высакамерныя асобы. Такі погляд, на жаль, вельмі распаўсюджаны і на працягу гісторыі пераносіўся хрысціянамі на ўсіх яўрэяў.

Францішак падкрэсліў, што, паводле сучасных даследаванняў, мы ведаем пра фарысеяў значна менш, чым лічылі папярэднія пакаленні. Мы не маем упэўненасці адносна іх паходжання, вучэння і практыкі. І таму важнымі з’яўляюцца міждысцыплінарныя даследаванні. Яны, на думку Папы, могуць паспрыяць перамозе ў тым ліку і над антысемітызмам.

Святы Айцец заўважыў, што Езус шмат дыскутаваў з фарысеямі, адносна штодзённых спраў, але падзяляў з імі веру ва ўваскрасенне, прымаў іх інтэрпрэтацыю Торы, а тое, што некаторыя фарысеі ішлі за Хрыстом, жадаючы слухаць Яго, азначала, што ў іх было шмат агульнага. Святы Айцец нагадаў пра фарысея Нікадэма, якія абараняў Езуса перад сінедрыёнам і прымаў удзел у Яго пахаванні.

Спасылаючыся на рабіна Акібу – аднаго з самых вядомых рабінаў ІІ ст., – які лічыў старазапаветныя словы пра любоў да бліжняга галоўным прынцыпам Торы, Пантыфік заўважыў, што гэта адпавядае вучэнню Хрыста.

“Такім чынам, любоў да бліжняга з’яўляецца важным паказчыкам для прызнання блізкасці паміж Езусам і Яго суразмоўнікамі фарысеямі. Яна, безумоўна, з’яўляецца важнай асновай для кожнага дыялогу, асабліва паміж юдэямі і хрысціянамі, таксама і сёння. Сапраўды, каб любіць таго, хто знаходзіцца побач з намі, мы павінны пазнаць яго, часта шукаючы магчымасці для пераадолення стэрэатыпаў”, - звярнуў увагу даследчыкаў Бібліі Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 мая 2019, 15:23