Францішак: Марыя – Маці, якая заўсёды вядзе Езуса
Некалькі сотняў юнакоў і дзяўчат прыбылі ў Ватыкан у суправаджэнні свайго арцыпастыра, кардынала Анджэла Баньяска. Святы Айцец прывітаў іх асаблівым чынам падчас малітвы “Уладарка неба”, якая 26 мая 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра.
Днём раней Францішак сустрэўся з генуэзскай моладдзю на плошчы перад Домам св. Марты ў Ватыкане. Іх кароткая размова адбылася напярэдадні візіту юнакоў і дзяўчат да гроты Маці Божай Лурдскай у Ватыканскіх садах.
“Мы ўсе маем цяжкасці ў жыцці. Але калі маеш цяжкасці – заўсёды ідзі да Маці Божай, як робіць дзіця, якое бяжыць да сваёй маці, калі мае праблемы. А Маці Божая будзе трымаць цябе ля сябе? – Не! Яна адразу павядзе цябе да Езуса, таму што Маці Божай уласціва гэта: весці да Езуса”, - нагадаў моладзі Папа.
Францішак памаліўся са сваімі гасцямі “Вітай Марыя”, а таксама заклікаў іх заўсёды памятаць у малітве пра сваіх блізкіх і тых людзей, з якімі маюць не вельмі добрыя адносіны.