Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: сістэма аховы здароўя – не канвеер

Бараніць і падтрымліваць жыццё, пачынаючы ад самых безабаронных, заклікаў Францішак членаў італьянскай Каталіцкай асацыяцыі работнікаў сферы аховы здароўя, якіх 17 мая 2019 г. прыняў у Ватыкане.

Папа нагадаў пра вялікія тэхналагічныя перамены ў медыцыне, якія адбыліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў і паставілі новыя этычныя пытанні. Ён падкрэсліў, што не кожная магчымасць, якую дае тэхніка, з’яўляецца прымальнай з маральнага пункту гледжання. У кожным дзеянні медыцынскага характару спачатку трэба ўважліва прааналізаваць, ці сапраўды яно паважае жыццё і годнасць чалавека.

Францішак заклікаў паважаць права ўрача, не рабіць таго, што супярэчыць яго этычным перакананням. З іншага боку, гэтым правам трэба “карыстацца з павагай”, каб яно не ўспрымалася людзьмі як праява “пагарды ці пыхі” і не перашкаджала разумець сапраўдныя матывы. У такіх сітуацыях важны дыялог, асабліва з тымі, хто мае супрацьлеглую пазіцыю. Трэба размаўляць з такімі людзьмі “не як з амбоны”, а спрабуючы перадаць свой пункт гледжання з пазіцыі чалавека, зацікаўленага карысцю іншага. Гэта, паводле Францішка, з’яўляецца шляхам” да лепшага сведчання Евангелля”.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі

Святы Айцец заклікаў медработнікаў памятаць, што кожны пацыент выключны і непаўторны. Ён заўважыў, што “змяншэнне выдаткаў і рацыяналізацыя паслуг” у медыцынскай сферы змянілі падыход да хвароб і хворых. Чалавек “патрабуе, каб яго зразумелі, выслухалі і суправаджалі ў такой жа меры, у якой яму неабходны правільны дыягназ і эфектыўнае лячэнне”, - заўважыў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што перамога над хваробай залежыць “ад стану не толькі цела, але і духа, ад здольнасці нанова знайсці давер і дзейнічаць”. Таму “да хворых нельга ставіцца як да машын, а да сістэмы аховы здароўя, дзяржаўнай ці прыватнай, як да канвееру”. Францішак пажадаў, каб работнікі сферы аховы здароўя інвеставалі не толькі ў сваё прафесійнае, але і духоўнае развіццё.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

17 мая 2019, 13:55