Пошук

Папа падчас візіту ў Балгарыю. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас візіту ў Балгарыю. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак завяршыў візіт у Балгарыю малітвай за мір

Кожны з нас пакліканы станавіцца будаўніком, “рамеснікам” міру, падкрэсліў Францішак падчас малітвы за мір разам з прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій, прысутных у Балгарыі.

Сустрэча адбылася вечарам 6 мая 2019 г. на плошчы Незалежнасці ў Сафіі. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай, юдэйскай, пратэстанскай, армянскай і мусульманскай супольнасцей.

Пасля таго, як былі прамоўлены словы малітвы св. Францішка аб духу любові, Папа звярнуўся да сабраных з прамовай. Ён нагадаў, што менавіта любоў зрабіла з Асізскага Бедняка сапраўднага будаўніка міру. “Таксама і кожны з нас, следам да ім, пакліканы станавіцца будаўніком, “рамеснікам” міру”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Мір патрабуе, каб мы зрабілі з дыялогу – шлях, з супрацоўніцтва – норму, з узаемнага пазнання – метад і крытэрый, каб сустракаліся ў тым, што яднае, паважалі адно аднаго ў тым, што раздзяляе і заахвочвалі адно аднаго бачыць будучыню як прастору для магчымасцей і годнасці, асабліва для пакаленняў, што прыйдуць пасля нас”, - сказаў Пантыфік.

Рэпартаж з міжрэлігійнай малітвы за мір у Сафіі

Спасылаючыся на агеньчыкі, якія былі запалены напачатку малітвы, Францішак заўважыў, што яны сімвалізуюць полымя любові, якое павінна запаліцца і стаць маяком міласэрнасці, любові і міру ў асяроддзяў, у якіх жывём. “Полымем любові мы прагнем прагнаць холад вайны”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што ў цэнтры Сафіі спрадвеку збіраліся прадстаўнікі розных культур і веравызнанняў, каб сустракацца і дыскутаваць.
“Няхай гэтае сімвалічнае месца будзе сведчаннем міру. У гэты момант нашыя галасы злучаюцца і ва унісон выражаюць гарачае жаданне міру: няхай мір распаўсюдзіцца на ўсёй зямлі!”, - сказаў Папа.

На заканчэнне прамовы ён пажадаў, каб споўнілася мара святога папы Яна ХХІІІ аб міры на зямлі. “Будзем наследаваць яго жаданне і сцвердзім нашым жыццём: Pacem in terris! Мір на зямлі ўсім людзям, умілаваным Панам”, - заклікаў Францішак.

Малітоўная сустрэча ў Сафіі стала апошнім пунктам праграмы візіту Папы ў Балгарыю. 7 мая Пантыфік распачне другую частку свайго “балканскага” падарожжа, якая пройдзе ў Паўночнай Македоніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 мая 2019, 18:00