Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да місіянераў: паказваць міласэрнасць Хрыста

17 мая 2019 г. Францішак сустрэўся з удзельнікамі генеральнага капітула Таварыства Афрыканскіх Місій, якіх заклікаў клапаціцца пра абяздоленых, служыць культуры дыялогу і сустрэчы.

Папа запэўніў у малітве за кс. П’ерлуіджы Макалі, місіянера, выкрадзенага ў верасні 2018 г. групай узброеных людзей ля мяжы паміж Нігерам і Буркіна-Фасо. Ён запэўніў у намаганнях, якія Апостальская Сталіца прыкладае для вырашэння гэтай балючай сітуацыі.

Святы Айцец падзякаваў місіянерам за мужнасць і апостальскі запал, з якім нясуць людзям Хрыста, часта рызыкуючы жыццём. Ён высока ацаніў супрацоўніцтва паміж кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі ў справе евангелізацыі, асабліва сярод насельніцтва самых аддаленых рэгіёнаў, “дзе хрысціянскія супольнасці яшчэ слабыя і ўразлівыя”.

Евангелізацыя заўсёды ажыццяўляецца супольнасцю, якая дзейнічае праз канкрэтныя “справы ў штодзённым жыцці іншых людзей, што скарачае адлегласці, схіляецца аж да прыніжэння, калі гэта неабходна, і клапоціцца пра чалавечае жыццё, дакранаючыся да пакутлівага цела Хрыста ў народзе”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі

Францішак заклікаў місіянераў служыць культуры сустрэчы і дыялогу, дапамагаць “малым і бедным, каб спрыяць надыходу сапраўднага братэрства паміж людзьмі”.

“Заахвочваю вас да трываласці ў вашай дзейнасці, у блізкім супрацоўніцтве з прадстаўнікамі іншых рэлігій і ўстаноў, на карысць дзяцей і найбольш уразлівых асоб, ахвяр войнаў, хвароб, гандлю людзьмі. Выбар на карысць апошніх, тых, ад каго адмаўляецца і каго адчужае грамадства, гэта знак, які канкрэтным чынам паказвае прысутнасць і клопат міласэрнага Хрыста”, - сказаў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб місіянеры сведчылі аб любові, знаходзілі ў сакрамэнтальным жыцці і служэнні братам магчымасць для асабістай сустрэчы з Богам, жылі ў малітве і пошуку новых шляхоў рэалізацыі паклікання.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 мая 2019, 12:20