Пантыфік: “Не!” перадродавай дыягностыцы з мэтай аборту
Форум праходзіў у Ватыкане 23-25 мая 2019 г. па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і Фонда “Il Cuore in una Goccia”. Папа заўважыў, што “культура адчужэння” прапануе глядзець на хворых дзяцей як на “несумяшчальных з жыццём” і “асуджаных на смерць”.
“Але ніводны чалавек не можа быць несумяшчальным з жыццём, ні ў сілу свайго ўзросту, ні ў сілу свайго стану здароўя, ні ў сілу якасці свайго існавання. Кожнае дзіця, якое аб’яўляецца ва ўлонні жанчыны – гэта дар, які змяняе гісторыю сям’і: гісторыю бацькі і маці, бабуль і дзядуль, брацікаў і сястрычак. І гэтае дзіця мае патрэбу ў тым, каб яго прынялі, атулілі любоўю і клопатам. Заўсёды!”, - сцвердзіў Папа.
Францішак звярнуў увагу на асаблівыя адносіны паміж маці і дзіцём, якое знаходзіцца ў яе ўлонні. “Гэта рэальныя і глыбокія адносіны паміж двума асобамі, якія камунікуюць паміж сабой ад самага зачацця”, - сказаў ён.
Пантыфік заўважыў, што “сучасныя тэхнікі перадродавай дыягностыкі здольныя паказаць ад самых першых тыдняў наяўнасць парокаў развіцця і паталогій”, якія могуць стаць сур’ёзнай пагрозай для жыцця дзіцяці і здароўя маці. Ужо само падазрэнне на парок, а тым больш упэўненасць у хваробе дзіцяці, цалкам змяняе ўвесь ход цяжарнасці, кідаючы “жанчын і пары ў глыбокі адчай”.
, - сказаў Францішак.
Папа заклікаў урачоў памятаць, што дзеці з паталогіямі, нягледзячы на тое, што знаходзяцца ва ўлонні маці, з’яўляюцца “маленькімі пацыентамі”, якіх трэба лячыць і атуляць клопатам. Існуюць розныя віды тэрапій і перынатальныя хоспісы, якія паказваюць уражальныя вынікі, падтрымліваючы сем’і. Дзіця ніколі не павінна пакідацца, але атрымліваць клопат, чалавечае цяпло і любоў, перакананы ён.
“Прафесія ўрача – гэта місія, пакліканне да жыцця, і важна, каб урачы ўсведамлялі, што з’яўляюцца дарам для сем’яў, якія ім давераны, каб былі здольнымі ўваходзіць у адносіны, браць на сябе цяжар жыцця іншых, быць праактыўнымі перад абліччам пакут, здольнымі супакойваць, браць на сябе адказнасць за пошук рашэнняў, паважлівых да годнасці кожнага чалавечага жыцця”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак звярнуў увагу на сітуацыю сем’яў, якія даведваюцца, што перад абліччам захворвання іх дзіця сучасная навука бездапаможная і яму наканавана памерці адразу пасля нараджэння ці хутка пасля яго.
“У такіх выпадках, лячэнне можа здавацца бескарысным марнаваннем рэсурсаў і дадатковымі пакутамі для бацькоў. Але ўважлівы позірк здольны заўважыць сапраўднае значэнне гэтых высілкаў, пакліканых прывесці да спаўнення любоў у сям’і. Прыняцце на сябе клопату пра гэтых дзяцей, насамрэч, дапамагае бацькам пераасэнсаваць гора і разумець яго не толькі як страту, але як этап шляху, пройдзенага разам. Гэта дзіця застанецца ў іх жыцці назаўсёды. І яны яго змогуць любіць”, - сцвердзіў Папа.
, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што, на жаль, культура, якая пануе сёння, не садзейнічае такому падыходу: на грамадскім узроўні страх і варожасць у адносінах да інваліднасці часта прыводзяць да прыняцця рашэння на карысць аборту, ператвараючы яго ў пэўнага роду “прафілактычную” практыку.
“Але вучэнне Касцёла адносна гэтага – яснае: чалавечае жыццё – святое і недатыкальнае, а выкарыстанне перадродавай дыягностыкі для селектыўных мэтаў павінна рашуча не падтрымлівацца, бо з’яўляецца выразам негуманнага еўгеністычнага мыслення, якое пазбаўляе сем’і магчымасці прыняць, абняць і любіць сваіх самых слабых дзяцей”, - сказаў Папа.
Паводле Францішка, праблема аборта з’яўляецца не рэлігійнай, а чалавечай. Ён задаў рытарычныя пытанні: ці дазволена для вырашэння праблемы знішчаць чалавечае жыццё? Ці дазволена для вырашэння праблемы наймаць кілера?
“Аборт ніколі не можа быць адказам, якога шукаюць жанчыны і сем’і. Пераважна страх перад хваробай і самотнасцю прыводзяць бацькоў да вагання. Цяжкасці практычнага, чалавечага і духоўнага характару з’яўляюцца бясспрэчнымі, але менавіта таму з’яўляюцца тэрміновымі і неабходнымі душпастырскія дзеянні, каб падтрымаць тых, хто прымае хворых дзяцей. Трэба ствараць прасторы, месцы і “сеткі любові”, да якіх могуць звяртацца пары, а таксама прысвячаць час суправаджэнню гэтых сем’яў”, - заўважыў Пантыфік.
Святы Айцец падзякаваў сем’ям, бацькам, якія прынялі “кволае жыццё” і якія зараз дапамагаюць іншым сем’ям. Гэта “сведчанне любові”, якое “з’яўляецца дарам для свету”, перакананы Францішак.