Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Пантыфік: празелітызм – галоўны вораг місіі і евангелізацыі

Прадстаўнікі Папскага інстытута замежных місій былі 20 мая 2019 г. гасцямі Францішка. Законнікі хутка будуць святкаваць 170-годдзя з моманту свайго заснавання ў Мілане.

Місія – гэта не нешта прыватнае; яна заўсёды з’яўляецца вынікам ласкі Божай. Не існуе вызначанай школы для ператварэння ў прапаведнікаў: калі ты не адкажаш на пакліканне Бога да евангелізацыі, нічога не атрымаецца. Першае слова і рэальная ініцыятыва зыходзяць заўсёды ад Бога, і толькі становячыся часткай гэтага, з Богам і ў Богу, мы можам стаць евангелізатарамі, - лічыць Пантыфік.

“Усё ваша жыццё, вашы планы, ваша праца, вашы структуры менавіта з місіі і абвяшчэння Евангелля атрымліваюць жыццядайную лімфу і крытэрыі для абнаўлення”

, - сказаў Францішак.

Пантыфік звярнуў увагу на галоўную небяспеку для місійнай дзейнасці – празелітызм. “Евангелізацыя – гэта сведчанне Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага”, - нагадаў ён. Езус – прывабны: і Касцёл развіваецца прывабнасцю, а не празелітызмам. На думку Папы, празелітызм уваходзіць у місійны працэс па прычыне “палітычнай і эканамічнай канцэпцыі евангелізацыі”, якая ў такім выпадку перастае быць сапраўднай евангелізацыяй. Мэта місіі – не “рэкрутацыя” новых членаў Касцёла, а прапаведванне сапраўднага Хрыста.

Францішак спаслаўся на дэвіз Папскага інстытута замежных місій, з Першага паслання да Карынцянаў: “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля” (9, 16), і заклікаў не забывацца пра запал і тэрміновасць, якія патрэбны ў місіі, – менавіта на гэта звяртаў увагу св. Павел. Існуе толькі адно адзінае місійнае пакліканне і для свецкіх вернікаў, і для святароў, - звярнуў увагу Папа.

Завяршаючы сустрэчу, Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей перачытваць “Evangelii nuntiandi”, на яго думку, самы важны паслясаборны душпастырскі дакумент, які “не згубіў сваёй сілы”. І асабліва звярнуць увагу на апошнія яго параграфы, дзе папа Павел VI падкрэслівае неабходнасць радасці ў евангелізацыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 мая 2019, 14:04