Пантыфік: трэба бараніць свет ад абыякавасці і пакланення грошам
У канферэнцыі прымала ўдзел старшыня Генеральнай Асамблеі ААН Марыя Фэрнанда Эспіноса Гарсэс, міністры фінансаў некалькіх краін, эксперты і высокія касцёльныя іерархі. Пантыфік сустрэўся з імі вечарам 27 мая 2019 г. у сядзібе Папскай акадэміі навук – галоўнага арганізатара саміта.
Спасылаючыся на міжнародныя пагадненні, якія тычацца мэтаў устойлівага развіцця і абароны клімату на планеце, Францішак падкрэсліў важнасць намаганняў, накіраваных на іх дасягненне.
“Вашай адказнасцю, як фінансавых лідараў вашых краін, з’яўляецца рэалізацыя і стымуляванне дзеянняў, скіраваных на дасягненне мэт, якія вашы ўрады вызначылі чатыры гады таму на карысць сучаснасці і будучыні. Гэта фундаментальнае заданне. Мы павінны дасягнуць таго, аб чым дамовіліся, бо ад гэтага залежыць выжыванне і дабрабыт”, - папярэдзіў Папа.
Паводле Пантыфіка, трагічныя наступствы “глабальнай бяздзейнасці” можна спыніць толькі рашучай і неадкладнай працай. “Мы павінны дзейнічаць рашуча, каб спыніць выкіды парніковага газу не пазней сярэдзіны стагоддзя і рабіць яшчэ больш. Канцэнтрацыя вуглякіслага газу павінна значна паменшыцца, каб гарантаваць бяспеку нашага супольнага дому. Вы таксама чулі, што гэта можна зрабіць пры нізкіх выдатках, выкарыстоўваючы чыстую энергію і паляпшаючы энергетычную эфектыўнасць”, - нагадаў Папа.
, - звярнуў увагу Святы Айцец.
Францішак заклікаў удзельнікаў форума да сумеснай працы, каб дасягнуць пяці фундаментальных мэт: цаніць тое, што важнае, а не павярхоўнае; зрабіць так, каб дасягненне нацыянальных і прыватных інтарэсаў не знішчала планету; пакласці канец глабальнай залежнасці ад выкапнёвага паліва; разгарнуць новую старонку чыстай і бяспечнай энергіі, для якой выкарыстоўваюцца, напрыклад, аднаўляльныя рэсурсы: вецер, сонца і вада; дзейнічаць з разважлівасцю і адказнасцю ў эканамічнай сферы, па-сапраўднаму выходзячы насустрач людскім патрэбам, паважаць чалавечую годнасць, дапамагаць бедным, вызваліцца ад пакланення грошам.
Папа заахвоціў сваіх гасцей да супрацоўніцтва з міністрамі фінансаў іншых краін, навукоўцамі, экспертамі, народамі і асабліва з беднымі. “Спадзяюся, што мы яшчэ зможам сустрэцца, каб падзякаваць Богу за Яго міласэрнасць, якая дае нам магчымасць выправіць наш шлях, перш чым будзе занадта позна. Час – вельмі важны. Мы чакаем вашай рашучай працы на карысць усяго чалавецтва”, - завяршыў сваю прамову Пантыфік.