Папа: Бог не з’яўляецца крыніцай спакус, а дапамагае перамагчы іх
Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Пантыфік засяродзіў увагу на яе перадапошнім радку: “Не ўводзь нас у спакусу”, які можна перакласці з грэчаскай мовы таксама як: “Не пакідай нас у спакусе” або “Не дазволь нам трапіць у спакусу”
Францішак нагадаў, што малітва “Ойча наш” пачынаецца з просьбы аб спаўненні вялікай Божай задумы. Потым яна скіроўвае позірк на жыццё і дапамагае прасіць аб тым, у чым маем патрэбу кожны дзень: аб штодзённым хлебе. Затым малітва пераходзіць да нашых міжасабовых адносін, “часта забруджаных эгаізмам”: мы просім аб прабачэнні і абавязваемся яго даваць.
, - падкрэсліў Папа.
“Як вядома, арыгінальны грэчаскі выраз, змешчаны ў Евангеллі, цяжка перадаць дакладна і ўсе сучасныя пераклады з’яўляюцца крыху кульгавымі. Тым не менш, адносна аднаго аспекту мы можам пагадзіцца адзінадушна: незалежна ад таго, як разумеем тэкст, мы павінны выключаць, што Бог з’яўляецца крыніцай спакус, якія стаяць на шляху чалавека. Маўляў сам Бог падпільноўвае, каб строіць падкопы і пасткі для сваіх дзяцей. Інтэрпрэтацыі такога роду супярэчаць у першую чаргу самому тэксту і далёкія ад вобразу Бога, які Езус нам адкрыў. Не будзем забываць, што малітва “Ойча наш” пачынаецца са слова “Ойча”, а айцец ніколі не робіць пасткі для сваіх дзяцей. Хрысціяне не маюць справы з зайздросным Богам, Які канкурыруе з чалавекам, Якому прыносіць задавальненне падвяргаць чалавека выпрабаванням. Такімі з'яўляюцца вобразы шматлікіх язычніцкіх багоў. Чытаем у Пасланні св. Якуба: “Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога” (1,13). Якраз наадварот: Айцец – не з’яўляецца крыніцай зла і ніводнаму сыну, што просіць рыбы, Ён не дае змяю (пар. Лк 11,11), а калі зло паказваецца ў жыцці чалавека, Ён змагаецца на баку чалавека, каб мог вызваліцца ад зла. Бог заўсёды змагаецца за нас, а не супраць нас. Ён Айцец! Менавіта ў такім ключы мы молімся “Ойча наш”, - сказаў Папа.
Два гэтыя моманты – выпрабаванне і спакуса – таямнічым чынам прысутнічалі ў жыцці самога Езуса, сказаў Францішак і дадаў, што ў гэтым досведзе Божы Сын цалкам стаў нашым братам.
, - дадаў Пантыфік.
“Калі мы падвяргаемся спакусе чыніць зло, адмаўляючы братэрства з іншымі людзьмі і прагнучы абсалютнай улады над усім і над усімі, Езус ужо перамог гэту спакусу для нас: гэта пацвярджаюць першыя старонкі Евангелля. Адразу пасля атрымання хросту ад Яна, пасярод натоўпу грэшнікаў, Езус адышоў у пустыню, дзе Яго спакушаў д’ябал. (...) Але Езус адрынуў усе спакусы і выйшаў пераможцам. Евангелле св. Мацвея ўтрымлівае цікавую заўвагу напрыканцы дуэлі паміж Езусам і Ворагам: “Тады д’ябал пакінуў Яго, – і вось анёлы падышлі і служылі Яму” (Мц 4,11)”, - сказаў Папа.
Францішак зазначыў, што Бог не пакінуў людзей, нават у час найвышэйшага выпрабавання падчас малітвы ў Аліўным садзе, калі сэрца Езуса было ахоплена невымоўнай трывогай, пачуццём самотнасці і пакінутасці. “Выпрабаванне было настолькі жахлівым, што здарылася нечаканае. Езус ніколі не прасіў аб любові да самога сябе, але ў тую ноч Яго душа была засмучана аж да смерці, і тады Ён папрасіў аб блізкасці сваіх сяброў: “Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною” (Мц 26,38). Як ведаем, вучні заснулі, абцяжараныя здранцвеннем, выкліканым страхам”, - сказаў Папа.
“У час тугі Бог просіць чалавека не пакідаць Яго, але чалавек засынае. Але ў час, калі чалавек перажывае свае выпрабаванні, Бог чувае. У самыя цяжкія моманты нашага жыцця, самыя балючыя моманты, самыя трывожныя, Бог чувае з намі, Бог змагаецца побач з намі, Ён заўсёды блізка да нас. Чаму? Таму што ён Айцец. З гэтага мы пачынаем малітву “Ойча наш”. А айцец не пакідае сваіх дзяцей. Гэта ноч болю і барацьбы з’яўляецца апошняй пячаткай Уцелаўлення: Бог сыходзіць, каб сустрэць нас у нашай бездані і пакутах, што пазначаюць гісторыю”, - дадаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што нашым суцяшэннем у час выпрабаванняў павінна быць упэўненасць, што “гэта даліна, з таго часу як праз яе прайшоў Езус, больш не бязлюдная, але благаслаўлёная прысутнасцю Божага Сына”. “Ён ніколі нас не пакіне!”, - дадаў Францішак.
Святы Айцец завяршыў катэхезу словамі малітвы: “О Божа, аддалі ад нас час выпрабаванняў і спакусаў. Але калі гэты час да нас прыйдзе, Ойча наш, пакажы нам, што мы не самотныя – Ты наш Айцец; пакажы нам, што Хрыстус ужо ўзяў на сябе таксама цяжар і гэтага крыжа. Пакажы нам, што Езус кліча нас несці гэты крыж разам з Ім, з даверам аддаючыся любові Айца”.