Папа да “Caritas”: Касцёл – прылада любові Бога да чалавецтва
Сустрэча адбылася 27 мая 2019 г. у ватыканскім Апостальскім палацы. У ёй прынялі ўдзел каля 400 прадстаўнікоў найбуйнейшай касцёльнай дабрачыннай арганізацыі.
Спасылаючыся на назву аб’яднання – Caritas (Любоў) – Папа заўважыў, што любоў, гэта ні “стэрыльная паслуга” ці “простая міласціна” для “заспакаення сумлення” – гэта “абдымкі Бога”. Касцёл жа – гэта “знак і прылада Божай любові да чалавецтва і ўсяго стварэння, нашага супольнага дома”.
Паводле Папы, у служэнні любові важнае месца павінна займаць інтэгральная канцэпцыя чалавечай асобы – “супрацьяддзе ад культуры адчужэння і абыякавасці”. Ён паказаў на фундаментальную важнасць духоўнай дапамогі бедным, большая частка з якіх адмыслова адкрытыя на веру, паколькі адчуваюць вострую патрэбу ў Богу.
Францішак звярнуў увагу, што адной з важных рыс сутнасці Касцёла з’яўляецца адзінства, якое павінна выражацца ў “дыяканіі любові”. Пантыфік заклікаў сваіх гасцей да “асабістых адносін з беднымі” і “беднага, бескарыслівага і пакорнага ладу жыцця”.
“Калі Любоў, гэта самая пажаданая цнота, да якой можа імкнуцца чалавек у наследаванні Бога, то вельмі абуральна бачыць служыцелей Любові, якія ператвараюць яе ў бізнес: яны шмат кажуць пра Любоў, але жывуць у раскошы ці марнатраўстве, арганізуюць форум аб Любові, бескарысна выкідаючы шмат грошай. Вельмі балюча канстатаваць, што некаторыя служыцелі Любові ператвараюцца ў чыноўнікаў і бюракратаў”, - заўважыў Святы Айцец.
Папа нагадаў прадстаўнікам Caritas Internationalis, што Любоў – гэта не проста ідэя ці пачуццё, але рэальная сустрэча з Хрыстом. Ён заклікаў іх працягваць рабіць унёсак у пашырэнне Валадарства Божага ў свеце – Валадарства справядлівасці, любові і спакою.