Пошук

2019-05-09-convegno-diocesi-di-roma-1557426528537.JPG

Папа да духавенства Рыма: служыце, а не “наводзьце парадак”

Замест імкнення да ідэальнага свецкага балансу і адпаліраванага справаводства, Касцёлу варта слухаць людзей і ісці ім насустрач з пакорай і жывым інтарэсам, перакананы Папа.

Увечары 9 мая 2019 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране Францішак сустрэўся з духавенствам Рымскай дыяцэзіі, каб абмеркаваць выклікі і душпастырскія заданні, што стаяць перад мясцовым Касцёлам.

Перш чым звярнуцца да прысутных з прамовай, Францішак заслухаў справаздачу аб стане Рымскай дыяцэзіі, з якой вынікае, што колькасць людзей, якія адыходзяць ад Касцёла, павялічваецца, а колькасць пакліканняў, удзеленых сакрамэнтаў хросту і сужэнства скарачаецца, памяншаецца наведвальнасць нядзельнай літургіі. Такім чынам, як адзначыў адзін з рымскіх пробашчаў, удзельнікаў сустрэчы, Касцёл Рыма – сэрца Паўсюднага Касцёла і цэнтр хрысціянства – сам мае патрэбу ў новай евангелізацыі.

Тым не менш, жаданне “навесці парадак” у дыяцэзіі і ў парафіях – гэта першае, ад чаго перасцярог Папа духавенства Рыма, бо прага ўпарадкаванасці штурхае да “ўтаймавання” людскіх сэрцаў і сем’яў. А на гэтым і палягае найцяжэйшы грэх – грэх свецкасці.

Святы Дух патрабуе не сбалансаванасці і ўліку, заўважыў Францішак. Па яго словах, Касцёл заўсёды стаіць перад абліччам дысгармоніі, таму нельга яе баяцца. Само Евангелле ўвасабляе найбольш “несбалансаванае” вучэнне – дастаткова ўзгадаць евангельскія Благаслаўленні. Яны “заслугоўваюць Нобелеўскай прэміі за сваю несбалансаванасць”, адзначыў Папа і перасцярог, што менавіта з імкнення народу Божага да раўнавагі і пачынаецца клерыкалізм.

“[Клерыкалізм і функцыяналізм. (…) У гэты момант я думаю пра дыяцэзію, у якой найбольшая колькасць супрацоўнікаў Ватыкана і якая ўсё больш аддаляецца ад Бога, таму што абагаўляе гармонію – не прыгажосці, але добрага функцыянавання]”

, - сказаў Пантыфік.

Замест імкнення да ідэальнага свецкага балансу і адпаліраванага справаводства мясцоваму Касцёлу варта прыслухоўвацца да крыку людзей, слухаць іх усім сэрцам. Для гэтага, заўважыў Францішак, патрэбны пакора бескарыслівасць у адносінах да саміх сябе.

Калі Бог жадае навяртання свайго Касцёла, Ён бярэ найменшага і ставіць яго ў цэнтры, заклікаючы ўсіх стаць малымі і прынізіцца. “Сорам тым, хто глядзіць звысоку і пагарджае малымі”, нават калі іх паводзіны далёкія ад Евангелля, перасцярог Папа.

Францішак звярнуў увагу на грэх самалюбавання і засяроджанасці на сабе. Ён нагадаў пра вобраз Добрага Пастыра, які пакідае 99 авечак у бяспечным месцы, каб ісці шукаць адну, што заблукала. “Трэба ўсё пакінуць і ўсім ахвяраваць дзеля дабра місіі”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак акрэсліў два важныя заданні, якія стаяць перад яго дыяцэзіяй: клапаціцца пра жыхароў Рыма, цікавіцца, чым яны жывуць, пра што думаюць – іншымі словамі, дакранацца да рэчаіснасці; а таксама аналізаваць гарадскія ўмовы, у якіх нараджаюцца новыя віды культуры з іх не толькі станоўчымі, але і адмоўнымі праявамі. Пры гэтым Папа заклікаў духавенства Рыма быць уважлівымі да феноменаў расізму і папулізму, якія ўзмацняюцца і сеюць страх.

“Няхай нас благаслаўляе Пан Бог, каб мы прыслухоўваліся да гэтага гораду”, - пажадаў Папа напрыканцы сустрэчы, даручыўшы іерархаў і святароў заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 мая 2019, 15:11