Папа да журналістаў: карыстацца словам, як хірург скальпелем
18 мая 2019 г., напярэдадні 53-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які будзе адзначацца 2 чэрвеня, Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі.
Каштоўнасць журналісцкай працы, па словах Папы, у тым, што яна спрыяе пошуку праўды, якая робіць людзей свабоднымі. Францішак пажадаў, каб сродкі камунікацыі служылі “інструментам для будаўніцтва, а не для разбурэння; для сустрэчы – не для сутычак; для дыялогу – не для маналогу; для накіроўвання – не для дэзарыентацыі; для ўзаемаразумення – не для ўвядзення ў зман; для шляху супакою – не для распаўсюджвання нянавісці; для таго, каб даць голас тым, хто яго не мае, а не для таго, каб служыць рупарам тым, хто крычыць галасней”.
Асноўным элементам журналісцкай прафесіі Францішак назваў пакорлівасць. Пакорлівае ўсведамленне абмежаванасці ўласных ведаў – вось што, на думку Папы, не дазваляе журналісту заставацца павярхоўным, задавольвацца першымі атрыманымі адказамі, стымуляваць стэрэатыпы, адмаўляцца ад руплівага пошуку праўды.
, - сказаў Папа.
Пакорлівыя журналісты – не пасрэдныя, але тыя, якія ўсведамляюць, што артыкулам, твітам, тэле- ці радыёперадачай могуць прычыніць шкоду бліжняму і нават цэлай супольнасці, калі пагрэбуюць уважлівасцю і скрупулёзнасцю, патлумачыў Святы Айцец. Пантыфік заклікаў супрацоўнікаў СМІ “карыстацца словам, як хірург карыстаецца скальпелем”.
Нарэшце, “пакорлівы журналіст – гэта свабодны журналіст”, а свабода патрабуе адважнасці, дадаў Францішак. Ён заахвоціў сваіх гасцей “стаяць на баку ахвяр, тых, каго пераследуюць, на баку ізаляваных, адчужаных, дыскрымінаваных”. У той жа час, ён папрасіў не забываць, што ў свеце “існуе акіян дабра, які заслугоўвае таго, каб пра яго ведалі”, і заклікаў расказваць пра рэчаіснасць, пазбаўленую абыякавасці, дзе не ўцякаюць перад абліччам несправядлівасці, але працягваюць ціхмяна і маўкліва будаваць.
Развітваючыся з прадстаўнікамі Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі, Францішак пажадаў ім “быць люстэркам, якое ўмее адлюстроўваць надзею”.