Папа скіраваў ліст да маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў
Пантыфік прымеркаваў сваё пасланне да міжнароднага форума “Эканоміка Францішка”, які пройдзе 26-28 сакавіка 2020 г. у італьянскім Асізі. Ён заклікаў маладых прадпрымальнікаў і экспертаў у эканоміцы адгукнуцца на заклік і прыняць удзел у гэтай сустрэчы.
“Дарагія сябры, я пішу вам, каб запрасіць вас прыняць удзел у ініцыятыве, вельмі мной пажаданай: гэта падзея дазволіць мне сустрэцца з тымі, хто сёння сталее, хто пачынае вывучаць і практыкаваць іншую эканоміку – эканоміку, якая дапамагае жыць, а не забіваць, якая ўключае, а не маргіналізуе, якая гуманізуе, а не пазбаўляе чалавечага аблічча, якая клапоціцца пра стварэнне, а не знішчае яго”, - напісаў Францішак. Паводле Папы, міжнародны форум дапаможа заключэнню “саюза”, накіраванага на тое, каб “змяніць актуальную эканоміку і даць душу эканоміцы будучыні”.
Спасылаючыся на месца правядзення сустрэчы, Пантыфік зазначыў, што св. Ян Павел ІІ прагнуў, каб горад Асізі быў “іконай культуры міру”. “Менавіта тут св. Францішак адмовіўся ад марнасці, каб зрабіць Бога пуцяводнай зоркай свайго жыцця, становячыся бедным з беднымі, паўсюдным братам. З яго выбару на карысць беднасці вынікае таксама бачанне эканомікі, якое застаецца вельмі актуальным сёння. Яна можа даць надзею для нашай будучыні, на карысць не толькі самых бедных, але ўсяго чалавецтва. Больш за тое, яна неабходная для лёсу ўсёй планеты, нашага супольнага дому, “сястры Зямлі, маці нашай”, як называў яе св. Францішак у “Гімне брату Сонцу”, - напісаў Папа.
Пантыфік нагадаў словы, скіраваныя Езусам да Асізскага Бедняка: “Ідзі, Францішак, адбудуй дом Мой”. “Адбудова гэтага дому тычыцца ўсіх. Яна тычыцца Касцёла, грамадства, сэрца кожнага з нас. Усё больш і больш яна тычыцца навакольнага асяроддзя, якое тэрмінова патрабуе здаровай эканомікі і ўстойлівага развіцця, што залечыць яго раны і будзе гарантаваць яму годную будучыню”, - напісаў Папа.
Францішак выказаў моцнае спадзяванне на здольнасць моладзі “слухаць сэрцам” і “прагнуць цудоўнай будучыні”. “Я падумаў запрасіць асаблівым чынам моладзь, бо, дзякуючы вашаму прагненню прыгожай і радаснай будучыні, вы ўжо з’яўляецеся прароцтвам эканомікі, уважлівай да чалавека і асяроддзя, вы здольныя сэрцам чуць усё больш і больш трывожныя крыкі зямлі і яе бедных, якія просяць аб дапамозе і адказнасці, каб кожны “адказаў” і не адварочваўся ў іншы бок”, - патлумачыў Папа.
Святы Айцец пажадаў, каб універсітэты, прадпрыемствы і моладзевыя арганізацыі станавіліся “будаўнічымі пляцоўкамі надзеі”, здольнымі “прапанаваць новыя стылі жыцця”, каб дасягнуць “паўсюднага братэрства”. “Таму жадаю сустрэцца з вамі ў Асізі: каб разам прасоўваць, праз сумесны “саюз”, працэс глабальных перамен, у якіх будзе адзінства памкненняў не толькі сярод тых, хто мае дар веры, але сярод усіх людзей добрай волі, незалежна ад іх рэлігіі і нацыянальнасці, паяднаных ідэалам братэрства, уважлівага, асабліва да бедных і маргіналізаваных”, - падкрэсліў Пантыфік.
Напрыканцы ліста Францішак заклікаў лепшых міжнародных экспертаў таксама прыняць удзел у асізскім форуме. “Мы ўсе пакліканы пераглядзець нашы разумовыя і этычныя схемы, каб сталі больш адпаведнымі Божым запаведзям і патрабаванням агульнага дабра”, - закончыў сваё пасланне Святы Айцец.